Педыятр супраць амапаўцаў. Суд аднавіў правяранне ў справе збіцця Дзмітрыя Серады


У Судзе Заводскага раёну Менску працягваюць разглядаць пазоў доктара Дзмітрыя Серады да праваахоўнікаў. Тры гады таму ў ягоную кватэру ўварваўся АМАП – выбілі дзверы, разбілі ў кухні вакно, спужалі маленькую дачку, а самога Дзмітрыя збілі і адвезлі ў РУУС. Як аказалася пазней, памылкова. За справаю, якой гадамі не давалі далейшай хады, сачыў Ян Вярбіцкі.

«Уварваўшыся ў дом, пры дзецях, цяжарных жонках пакласці чалавека «мордай аб пол», як у вас прынята гаварыць».

Праваабаронцы мяркуюць, што ў сваёй прамове 20 жніўня кіраўнік краіны меў на ўвазе менавіта сітуацыю доктара Дзмітрыя Серады. Тры гады таму ў ягоную кватэру ўварваліся амапаўцы, напужалі трохгадовую дачку, самога яго збілі. Падстава – памылковае падазрэнне ў эксгібіцыянізме.

Павал Сапелка, праваабарончы цэнтр «Вясна»:

«У выніку была пашкоджаная маёмасць у кватэры: уваходныя дзверы і балконныя дзверы. Былі прычыненыя пакуты ягонай жонцы ды дзіцяці. Ім прыйшлося прайсці лекаванне. Як і самому Сераду».

За тры гады спадару Дзмітрыю адмовілі ў распачынанні крымінальных справаў на амапаўцаў сем разоў – і ў Следчым камітэце, і ў Генеральная пракуратуры. Але нечакана прыйшоў адказ з суда Партызанскага раёну Менску, што правяранне ў справе аднавілі. Акурат пасля той самой нарады Лукашэнкі з сілавікамі, кажа праваабаронца. Сувязь з прамоваю кіраўніка краіны бачыць і маці пацярпелага доктара.

Галіна Серада, маці Дзмітрыя Серады:

«Яны за пагоны мордай у бруд, як казаў Лукашэнка. Правільна – мордай у бруд усіх пакладуць. Таму чаго тут здзіўляцца? Але я вам скажу, што падаецца, калі б Лукашэнка не выступіў, і цяпер бы гэтую справу замоўчвалі».

Тым не менш старэйшы оперупаўнаважаны Аляксандр Нушчык, які кіраваў жорсткім затрыманнем педыятра і цяпер выступае на судзе сведкам, усё ж прытрымліваецца старой тактыкі замоўчвання.

«Амаль на ўсе пытанні ён не здолеў адказаць. Хаця яму і спрабаваў падказваць кіраўнік крымінальнага вышуку Завадскога РУУС. Суддзя яго, канечне, асадзіў. Казаў, што выганіць з паседжання, калі далей будзе чуць падказкі», – распавядае Дзмітрый Серада, пазоўнік.

Сённяшняе паседжанне – спроба атрымаць матэрыяльную кампенсацыю за шкоду маёмасці. Гэта больш як 2 тысячы рублёў. І гэта без дзяржаўнага мыта і аплаты юрыдычных паслуг: іх Дзмітрый Серада таксама хоча вярнуць праз суд. Папярэдне аплаціць іх удалося дзякуючы краўдфандынгу:

«Я абяцаў вярнуць гэтыя грошы тым, хто спансараваў мяне, падтрымліваў мяне на сайце molamola.by».

Яшчэ адно з патрабаванняў Дзмітрыя Серады – каб амапаўцы, якія яго збілі, папрасілі прабачэння. Старэйшы оперупаўнаважаны Аляксандр Нушчык на сённяшнім паседжанні сказаў, што дзеяў у межах закону і перапрашаць не плануе. Серада спадзяецца, што той зменіць сваё меркаванне, калі з лавы сведкаў перасядзе на лаву абвінавачаных. Рашэнне суд мае абвесціць ужо заўтра.

Ян Вярбіцкі belsat.eu