Пазбаўленне грамадзянства за «экстрэмізм»


Улады прадумваюць новыя захады, як супрацьстаяць няўгодным сістэме беларусам. Гэтак, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Марыя Васілевіч анансавала законапраект, які дазволіць пазбаўляць грамадзянства. Напрыклад, за ўдзел у тэрарыстычнай або экстрэмісцкай дзейнасці ці за прычыненне цяжкай шкоды інтарэсам краіны. Ці мае шанец на існаванне такая прапанова і што пра яе думаюць самыя грамадзяне?

Пазбавяць грамадзянства не толькі тэрарыстаў ды экстрэмістаў, але і тых, хто, цытата, «прычыніць цяжкую шкоду інтарэсам краіны». Адпаведны законапраект рыхтуюць дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Анансавала яго сябра камісіі правоў чалавека, нацыянальных стасункаў і СМІ Марыя Васілевіч.

«Прадугледжваецца магчымасць страты беларускага грамадзянства з прычыны ўдзелу ў тэрарыстычнай і іншай экстрэмісцкай дзейнасці або прычынення цяжкай шкоды інтарэсам Беларусі», – заявіла дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Марыя Васілевіч.

Меркаванні апытаных намі грамадзянаў падзяліліся.

«Ёсць на самай справе экстрэмісты, каторыя могуць нанесці шкоду, а можна пераследаваць людзей, якія не з’яўляюцца экстрэмістамі. Тут адназначнага меркаванне не можа быць. Можа, і трэба прыняць такі закон, але хто будзе потым паведзены пад гэты закон».

«Гэта рычаг ціску, каб запужаць людзей, каб яны менш выходзілі. Дзяржава супраць гэтага. Ім не падабаецца, што людзі выходзяць. Гэта адзін з рычагоў ціску».

«Гэта няправільна. Гэта не па Канстытуцыі. Тая, што ў нас ёсць, не дае права пазбаўляць грамадзянства чалавека», – кажуць жыхары Берасця.

Паводле нашай Канстытуцыі, грамадзянства не можа быць пазбаўлены ніхто. Грамадзянін Беларусі заўсёды застаецца грамадзянінам Беларусі.

«Усе законы, якія абмяркоўвацца, галасуюцца, – гэта палітычная воля аднаго чалавека, спадара Лукашэнкі, які цяпер не ёсць прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь», – гаворыць старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэту Алег Гулак.

«Міс Беларусі – 2018» запэўнівае: навацыі ў пазбаўленні грамадзянства закрануць выключна тых грамадзянаў Беларусі, якія ёсць імі не па нараджэнні. Аднак каб атрымаць грамадзянства Беларусі, замежнік мусіць адмовіцца ад грамадзянства іншых краінаў.

«Калі выконваць літару існага закона. Тыя, у каго ёсць два грамадзянствы і грамадзянства Рэспублікі Беларусь не ад нараджэння, па ідэі, у іх няма грамадзянства іншай краіны. І пазбаўляць іх грамадзянства Рэспублікі Беларусь – гэта пакідаць без эфемернай, але абароны дзяржавы», – тлумачыць палітолаг Вольга Харламава.

Грамадзянства – гэта дамова паміж людзьмі і дзяржавай. І ў гэтым выпадку мы маем парушэнне грамадзянскай дамовы з боку дзяржавы – зазначае Вольга Харламава.

«Тры месяцы таму прыняцце такога закону было б неверагодным. Сёння я скажу: чаму не? Мы паступова прызвычайваемся жыць у сітуацыі, што называюць, прававога дэфолту. І зноў такі мяне, перш за ўсё, як юрыста і ў другім шэрагу як палітолага палохае такая сітуацыя», – кажа Харламава.

У якасці адмоўнага прыкладу эксперты згадваюць гісторыю Тадэвуша Кандрусевіча, якога не пусцілі ў краіну пры тым, што ён – грамадзянін Беларусі.

Анастасія Русецкая, «Белсат»