«Павесіўся на шнурку ад чаравіка». Афіцыйная версія смерці ў міліцэйскай машыне


48-мігадовы Сяргей Абрамовіч, жыхар вёскі Слаўкава Нясвіжскага раёну, загінуў у міліцэйскім аўтамабілі «УАЗ Патрыёт». Паводле афіцыйнай версіі, затрыманы павесіўся на матузку ад чаравікаў. Пра гэта карэспандэнтам «Свабоды» паведаміў прадстаўнік УУС Менскага аблвыканкаму Яўген Сачак:

«Гаворка пра суіцыд, а не пра забойства. Вышуковы аддзел Нясвіжскага раёну ладзіць правяранне. Унутраная праверка ў нас таксама праводзіцца, яна на стадыі завяршэння. Але інфармацыю пра забойства трактуюць няправільна. Мы адразу гэта трактавалі як суіцыд».

29-га лістапада Сяргей прыйшоў з працы нападпітку. Пасварыўся з бацькам, той і выклікаў міліцыю. Сяргей жыў у гэтым доме, менавіта адсюль яго забрала міліцыя. Але павезлі не напрасткі ў Нясвіж, а праз вёскі, што на 20 кіламетраў даўжэй. Праз дзве з паловаю гадзіны дадому прыехалі следчыя і паведамілі пра смерць затрыманага. Сваякі ў версію суіцыду не вераць.

«Дзесьці, напэўна, няўдала яго прэсанулі. Я ж на пахаванні таксама быў. Хаця на шыі ўдушэння я не бачыў. Па-першае, пасля асфіксіі ў чалавека цела становіцца з сіняватым адценнем. А там не бачна, каб з сіняватым. На шыі след можа застацца», – кажа Валерый Русак, муж сястры загінулага.

Толькі ніякіх слядоў не засталося. Звычайна асфіксію патолагаанатам дыягнастуе адразу ж. Але ў дакументах напісана: «прычына смерці не ўсталяваная». Органы забралі на экспертызу. Іна Русак, сястра загінулага, кажа:

«У гэтай машыне «Патрыёт» ёсць відэафіксацыя, якая наведзеная на супрацоўнікаў міліцыі, якія ў машыне, і той аддзел, там дзе перабывае затрыманы».

Але відэа сям’і не даюць, сваякі баяцца, што яно ўжо знішчанае.

«На гэтых матузках, якія былі ў яго ў бацінках, нерэальна проста павесіцца. Па-першае, трэба кудысьці зачапіць. Нават калі на шыю наматаць, там не хопіць, пагатоў быў вельмі кароткі шнурок. Сантыметраў 30. Гэта нерэальна. Таму не веру я ў гэта», – гаворыць Іна Русак, сястра загінулага.

Сваякі здзіўляюцца, як фізічна можна павесіцца ў невялікай прасторы. Гэта «Патрыёт». У міліцэйскай версіі тут перагародка. Але бачна, што нават з маім ростам тут мала месца. Большасць жыхароў вёскі Слаўкава, з якімі мы размаўлялі, у версію міліцыі таксама не вераць, але адмаўляюцца дзяліцца думкамі на камеру. Наважваюцца паразмаўляць з журналістамі адзінкі.

«Адзін толькі Бог святы можа ведаць, што на самой справе там атрымалася».

«Перад адʼездам, у нас такі Енчык Антон, ён якраз падышоў, сказаў, што «я больш у ЛТП не паеду. Я там больш не хачу быць». І хутчэй за ўсё так, ён скончыў жыццё самагубствам. Сумненняў не можа быць».

«Сам ён не мог гэтага ўсяго ўтварыць. Павесіцца ён не змог бы. Ну, і лагічна рассудзіць, як можна ў міліцэйскай машыне павесіцца?»

Ужо пасля нашай размовы, сёння да сястры загінулага завіталі праваахоўнікі і паабяцалі справядлівы разбор. У сваю чаргу Іна Русак паабяцала больш не размаўляць з медыямі да канца дасудовага правярання 29-га снежня.

Вольга Чайчыц, belsat.eu