Павал Севярынец распавёў уладам праўду пра дармаедаў


Сапраўдныя дармаеды – не тыя, хто атрымаў «Лісты шчасця», а тыя, што сядзяць у Адміністрацыі прэзідэнта. З такім перакананнем у будынак на вуліцы Карла Маркса скіраваўся Павал Севярынец. Тым часам прадстаўнікі Абʼяднанай грамадзянскай партыі антыканстытуцыйнасць дэкрэту даказвалі старшыні Канстытуцыйнага суду.

«Ні чорта не робіць, а жыве няблага», – выказваўся Аляксандр Лукашэнка пра дармаедаў. На меркаванне сустаршыні аргкамітэту партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Паўла Севярынца, словы кіраўніка Беларусі больш адносяцца да тых, хто сядзіць у Адміністрацыі прэзідэнта. Менавіта туды палітык паспрабаваў трапіць, каб уручыць чыноўнікам пазоў аб дармаедстве.

Праз некалькі хвілінаў з парадных дзвярэй выйшаў ахоўнік і патлумачыў, што гэтымі дзвярыма не карыстаецца ніхто.

Севярынца прынялі ў будынку на вуліцы Кірава, дзе вядзецца прыём грамадзянаў

Палітык аддаў чыноўнікам скрыншот з акаўнту нашага тэлеканалу ў «Одноклассниках», з якім пагадзіліся 182 тысячы чалавек.

Допіс адносіцца да выказвання Лукашэнкі на канферэнцыі 3-га лютага.

«А якая частка насельніцтва абурылася гэтым дакументам? Як я і чакаў – гэта некалькі тысячаў чалавек, але вельмі актыўных», – казаў кіраўнік Беларусі.

Пры гэтым 17 тысячаў подпісаў пад прапановаю адмяніць дэкрэт № 3 назбіралі толькі актывісты Абʼяднанай грамадзянскай партыі. Кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька і сябра партыі, юрыстка Антаніна Кавалёва, з раніцы паказалі стос папераў з подпісамі нязгодных у Канстытуцыйным судзе, на сустрэчы з яго старшынём Пятром Міклашэвічам.

«Гэта была не прамова суддзі, не прамова юрыста на 95 %, а прамова дзяржаўнага чыноўніка які праз ускосныя аргументы спрабаваў давесці, што дзяржава мае свае інтарэсы», – распавядае Антаніна Кавалёва, юрыстка і апазіцыянерка.

Цяпер улады спрабуюць збіць пратэставыя настроі

«Маршы недармаедаў» забаранілі ўва ўсіх гарадах, дзе падаваліся заяўкі. Затое ў шэрагу беларускіх гарадоў, у тым ліку ва ўсіх абласных цэнтрах, чыноўнікі анансавалі выязныя сустрэчы з людзьмі, прысвечаныя рэалізацыі дэкрэту аб дармаедах.

Змагаюцца з пратэстамі і традыцыйным запалохваннем. Актывісту з Бярозы Аляксандру Кабанаву, што сабраў 2 тысячы подпісаў супраць дэкрэту, міліцыянты па тэлефоне прыгразілі выклікам у міліцыю.

Марына Вашкевіч, «Белсат»