Павал Севярынец пра тое, чаму яго адпусцілі перад акцыяй 20 снежня


Здавалася б, у такія дні ўлады Беларусі маглі б прыслухацца да грамадзянаў, якія выступаюць у абарону незалежнасці. Хоць бы дзеля ўзмацнення ўласных пазіцыяў на перамовах. Замест гэтага міліцыя працягвае затрымліваць актывістаў, якія арганізоўваюць мітынг 20 снежня.

Беларусь – не Расея! Інтэграцыя – гэта акупацыя! Гэткія лозунгі гучалі сёння ля будынку беларускай амбасады ў Вільні. Ужо 20 снежня мае адбыцца сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ды верагоднае падпісанне дарожных мапаў дзеля інтэграцыі Беларусі і Расеі.

«Нават калі гэта выключна эканамічная інтэграцыя, яна ўсё роўна будзе прыкметна ўплываць на тое, што адбываецца ў Беларусі. Гэта крок у бок Расеі. Гэта крок у процілеглы бок ад дэмакратыі», – кажа арганізатарка пікету Вікторыя Андруковіч.

«Я заўжды прыходжу на такія імпрэзы. Я сам змагаўся за свабоду сваёй краіны, сам памятаю савецкія танкі з Беларусі, спецназ, які забіваў маіх сяброў. Я памятаю, як мы тады сабраліся ўсе. Гэта была вельмі складаная сітуацыя, але праз 30 гадоў – Літва вольная», – кажа Жыгімантас Павілёніс, чалец Сейму Літвы.

Будучыняй краіны-суседкі занепакоеныя таксама ва Украіне. Паўсотні ўкраінскіх добраахвотнікаў і беларускіх актывістаў, сярод якіх прадстаўнікі Руху Салідарнасці «Разам», пікетавалі будынак амбасады Расеі ў Кіеве.

«Я глыбока перакананы, што спыніць пуцінскую імперыю зла можа толькі салідарнасць народаў трохмор’я. І ў першую чаргу, народаў балцка-чарнаморскае супольнасці. І таму я вельмі ўдзячны за сённяшнюю акцыю», – кажа Вячаслаў Сіўчык, лідар Руху Салідарнасці «Разам».

Маштабная акцыя ў абарону незалежнасці запланаваная ў сталіцы Беларусі на пятніцу 20 снежня. Дзеля яе падрыхтоўкі апазіцыя аб’яднала сілы: агульны план распрацоўвалі 15 палітычных партыяў і рухаў.

«Спроба таемна, за спінамі ў людзей дамовіцца аб нейкіх сакрэтных дарожных мапаў – гэта проста пакт Молатава – Рыбэнтропа. Людзей абурае ў тым ліку тое, якім чынам гэта робяць», – кажа Павал Севярынец, сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі.

Падрыхтоўку да акцыі 20 снежня пачалі і ўлады. Затрыманыя пісьменнік і перакладчык Павел Ляхновіч, лідар «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч. Актывістам «Еўрапейскай Беларусі» Яўгену Афнагелю і Максіму Вінярскаму прысудзілі 15 содняў арышту кожнаму за ўдзел у папярэдніх акцыях.

На гэткі ж тэрмін напярэдадні асудзілі і Паўла Севярынца, аднак нечакана адпусцілі на волю. Палітык тлумачыць пасыл уладаў такім чынам:

«Паколькі галоўны ініцыятар акцыі на волі, можаце прыходзіць на плошчу, але хай вас не прыходзіць вельмі шмат, прыйдзіце, зрабіце карцінку і сыдзіце», – кажа Павал Севярынец, сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі.

Незалежна ад развіцця падзеяў, мітынг у сталіцы адбудзецца. Збор удзельнікаў анансаваны на 18.00 на Кастрычніцкай плошчы сталіцы.

Юлія Лабанава belsat.eu