Паўла Шарамета магла забіць пара добраахвотнікаў


Справа забойства Паўла Шарамета зрушыла з мёртвага пункту. Нацыянальная паліцыя Украіны затрымала магчымых фігурантаў. Афіцыйна затрыманняў не каментуюць, аднак пра іх піша выданне «Українська правда», дзе беларускі журналіст працаваў у апошнія гады жыцця, і дзе вядуць уласнае расследаванне тэракту.

3 гады, як у цэнтры Кіева ўзарвалі аўтамабіль з беларускім журналістам, а ў гучнай справе – адныя пытальнікі. І вось нечакана ў медыях з’яўляюцца імёны і пазыўныя імаверных фігурантаў справы.

Буча і Пума – сужэнства Уладзіслаў ды Іна Грышчанкі, добраахвотнікі з батальёну «Правы сектар». Увосень абодва трапілі пад варту па падазрэнні ў арганізацыі забойства жыхара Івана-Франкоўскай вобласці. Аднак цяпер справу раптоўна перавялі ў Кіеў. Паводле фармулёўкі паліцыі, праз «далучанасць да іншых злачынстваў». Прычым, як кажуць ва «Українськай правде», гаворка пра выкананне замовы.

Соня Лукашова, журналістка газеты «Українська правда», аўтарка матэрыялу пра апошнія падзеі ў справе Шарамета, кажа:

«У выпадку з Шараметам страшна нават падумаць, што чалавеку, які пражыў цяжкі час у Беларусі, будучы апазіцыйным журналістам, у Расеі, што выбухоўку такому чалавеку падклалі ўкраінскія добраахвотнікі. Гэта ўжо гучыць як інфармацыйная атака, відавочна, ёсць людзі ў гэтым зацікаўленыя».

Больш гучнаю справа затрымання Бучы і Пумы стала пасля ператрусу, праведзенага ў піцэрыі «Veterano Pizza» – сетцы рэстаранаў, зарганізаванай былымі байцамі АТА, у тым ліку знаёмымі Грышчанкаў.

«Ніякіх абвінавачанняў нікому не далі. Яны проста правялі вобшук. Знайшлі тры чэсныя патроны, нож-цясак і забралі вінтоўку, таксама законную, усё з дакументамі. Проста каб зрабіць экспертызу і зразумець, што з гэтай вінтоўкі нікога не забівалі. Ну, гэтак яно і будзе», – падкрэслівае ў відэазвароце ў фэйсбуку ўласнік «Veterano Pizza» Леанід Астальцаў.

Да затрымання Іна Грышчанка ў Facebook неаднойчы пісала пра тое, што ім з мужам «шыюць» справу Шарамета. Соня Лукашова ўзгадвае:

«Яна вельмі актыўна каментавала гэтую тэму менавіта з таго боку, што гэта ціск на ветэранаў. Я так разумею, яна вельмі апазіцыйна настроеная да новай улады».

Новая ж улада ў асобе Уладзіміра Зяленскага, што на гадавіну забойства моцна крытыкавала бяздзейнасць праваахоўнікаў, цяпер больш памяркоўная ў выказваннях.

Разважаючы пра незавершаныя расследаванні справаў Паўла Шарамета і забітай актывісткі Кацярыны Гандзюк, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі кажа:

«У чым праблема хуткіх пасадак? Шмат справаў ёсць, да якіх, зразумела, мы мусім падрыхтавацца. А інакш усе гэтыя людзі будуць выходзіць на свабоду, бо гэтыя справы будуць развальвацца ў судах».

Пры гэтым нядаўна прэзідэнт Украіны заявіў, што прызначыў дату канца расследавання справы Шарамета. Аднак пакінуў яе ў сакрэце.

Адэля Дубавец belsat.eu