Пацярпелыя ад пажару засталіся без жытла і без дапамогі з боку ўладаў


Трагедыя, якая змяніла лёс адразу некалькіх сем’яў. Агонь знішчыў усе іхныя рэчы, людзі апынуліся літаральна на вуліцы. Цяпер яны працягваюць змаганне за тое, каб займець жыллё.

«Мама спіць там, бо ёй ісці няма куды, а я ў суседнім пакоі. Гэта рэчы, якія ацалелі. На столі – самі бачыце – дзірка. Столі правіслі, і калі сюды яшчэ адзін дождж, то ўсё абрынецца. Бо нам ісці няма куды», – кажуць жыхары згарэлага дома Андрэй Патапчык і Алена Мялешка.

Пажар на вуліцы Зарэчнай у Смалявічах здарыўся ў ноч на 8-га чэрвеня: запалаў дом на чатыры кватэры. Ніхто не загінуў толькі дзякуючы суседу, які своечасова заўважыў агонь і разбудзіў жыхароў.

«Я ў гэты час на працы быў, патэлефанавалі гадзіны а трэцяй ночы – я на таксоўцы прыехаў. Тут усё ўжо гарэла, у мяне ў пакоі дакументы засталіся, і я перажываў, каб толькі яны не згарэлі», – кажа мясцовы жыхар Сяргей Стрэльскі.

Як кажуць жыхары, дом, у якім яны жылі, называлі «панскім», яго будавалі да вайны. Прыватызаваць кватэры ў ім не атрымалася: уласнік – мясцовая птушкафабрыка – у свой час запатрабаваў занадта вялікія грошы. З маёмасці ж у людзей цяпер засталося толькі тое, у што былі адзетыя: агонь знішчыў усё нажытае, пакінуўшы пацярпелых без сродкаў на існаванне.

Гэта ўсё, што засталося пасля пажару ад шматкватэрнага дому. І ўжо восем дзён дваццаць пяць жыхароў, у тым ліку шэсць няпоўнагадовых, застаюцца на вуліцы. Прадукты, адзенне і грошы пагарэльцам нясуць суседзі і чужыя людзі. Ад уладаў дапамогі – ніякай.

Так цвердзяць самыя пацярпелыя. З іхных словаў, адной сям’і з дзецьмі павінныя выплаціць разавую матэрыяльную дапамогу, і тое – праз два тыдні. Іншым – аніякай дапамогі нават не абяцаюць.

«Смалявіцкія начальнікі – нічым не дапамаглі, звычайныя людзі дапамагаюць: адзенне, абутак, грошы, пасцельную бялізну даюць, мэблю прывозяць – ежу нават, бо мы на вуліцы, есці няма чаго і купіць няма за што», – кажа Кацярына Пажадаева, жыхарка згарэлага дому.

«Тры дні таму намеснік старшыні сказаў: «Збірайцеся каля вашага дому, мы будзем з камісіяй і будзем вырашаць, што рабіць». Усе жыхары сабраліся – нікога няма і толькі дзве жанчыны тлумачаць, як атрымаць дапамогу ад Чырвонага крыжа», – кажа Марыя Пажадаева, жыхарка згарэлага дому.

Тэлефануем у кіраўніцтва Смалявіцкага раёну. Тут нас запэўнілі, што праблема жылля для пагарэльцаў ужо развязваецца.

«Каму трэба, той аб праблеме ведае і штосьці робіць для вырашэння. Наколькі я разумею, ім выдзеляць кватэры. Гэта ўжо адбываецца», – кажа намеснік старшыні Смалявіцкага райвыканкаму Андрэй Саскевіч.

Пагарэльцы ж кажуць, што няма ніякай гаворкі пра годнае жыллё. Яны гатовыя на сацыяльныя кватэры, гатовыя плаціць за іх арэндную плату. Але ім прапанавалі пакоі ў інтэрнаце вёскі Жажэлка, што за 15 кіламетраў ад Смалявічаў.

«Дом састарэлых там у іх ёсць – вось яны прапаноўваюць пераехаць туды часова. А калі паедзеш часова – гэта азначае назаўсёды», – кажа Мікалай Агароднікаў, жыхар згарэлага дому.

«Я жыву ў сяброўкі – яна нам дала вольны пакой, так і тулімся. Таксама прапаноўвалі пакой у Жажэлцы, але я не хачу пакідаць дзіця невядома з кім і дзе, бо я працую тут і працую дапазна», – кажа Аляксандра Згаджаева, жыхарка згарэлага дому.

«Я абяцаю, што калі нічога не вырашыцца, я стану на плошчы, пастаўлю намёт і буду там жыць. Няхай забіраюць у міліцыю – куды заўгодна. Але так абыходзіцца з людзьмі нельга: дваццаць першае стагоддзе, і каб не было рэзервовага жылля?!», – кажа Алена Кавалёва, жыхарка згарэлага дому.

Пацярпелыя адзначаюць яшчэ адну цікавую акалічнасць: на мапе Смалявічаў іхнага згарэлага дому няма даўно. Будынак лічыцца знесеным, а на ягоным месцы – зялёная зона.

Галіна Абакунчык, belsat.eu