Пацярпелы ад АМАПу перамог у судзе


Рэдка, але здараецца. Суд Заводскага раёну Менску стаў на бок Дзмітрыя Серады, пацярпелага ад дзеянняў амапаўцаў, і прызначыў кампенсацыю матэрыяльнай шкоды – 3 тысячы рублёў. Міліцыянты, аднак, надалей лічаць, што законна ўламіліся да менчука ў кватэру і ўжылі фізічную сілу.

Беларуская міліцыя ахвотна дэманструе сілу. Міністэрства ўнутраных справаў рэгулярна публікуе відэа ўрывання ў кватэры з падазраванымі.

Падобным чынам 3 гады таму на падставе няспраўджанай інфармацыі аб хуліганстве байцы АМАПу ў масках уварваліся ў кватэру Дзмітрыя Серады: выламалі дзверы і вокны, на вачах у жонкі і малой дачкі паклалі мужчыну на падлогу, заламалі рукі ды прыціснулі каленам, хоць Дзмітрый не супраціўляўся. Білі і ў міліцэйскай машыне. На наступны дзень, калі аказалася, што затрымалі не таго падазраванага ў хуліганстве, адпусцілі. Але міліцыянты адмаўляюцца прасіць прабачэння нават пасля суда.

«Аргументавалі тым, што злачынства, зробленае іх супрацоўнікамі, не можа быць незаконным», – распавядае Дзмітрый Серада.

Пасля трох гадоў юрыдычнай барацьбы Дзмітрый атрымае 3 тысячы рублёў – як кампенсацыю матэрыяльнай шкоды. Усё паводле захаваных чэкаў: выдаткі на рамонт, на адваката, на псіхіятра і лекі для дзіцяці. Тады ўся сям’я атрымала шок.

«Я ад працы атрымала кватэру. І мне прыйсці ламаць вокны і дзверы – гэта бяспраўе ўвогуле, нешта жудаснае», – абураецца Галіна Серада, маці Дзмітрыя.

Пацярпелы працягне змагацца і за кампенсацыю маральнай шкоды. Памылковы і жорсткі візіт амапаўцаў пакінуў траўматычныя сляды ў жыцці сям’і.

«На падставе матывавальнай часткі суда будзем адштурхоўвацца па атрыманні выбачэнняў ад МУС, па пакаранні злачынцаў, якія напалі на нас. І будзе ясна, у якой прававой дзяржаве мы жывем», – кажа пацярпелы.

«Хацелася б, каб дзяржава адрэагавала ў поўным аб’ёме на гэтае бяспраўе, учыненае міліцыяй, і каб была дадзеная ацэнка іх дзеянням. Пакуль гэтага няма. Пакуль СК зноўку адмовіў ва ўзбуджэнні крымінальнай справы», – падкрэслівае юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч.

Не замоўчвайце фактаў парушэння вашых правоў з боку ўладаў, у тым ліку міліцыі – раіць Валянцін Стэфановіч. Справа Дзмітрыя Серады – не першая, у якой праваабарончы цэнтр «Вясна» дапамагаў пацярпелым ад міліцэйскага гвалту.

«Мы шмат гадоў займаемся праблемамі катаванняў і бесчалавечнага абыходжання і вялі вельмі складаныя справы. Справа Пцічкіна, які памёр у СІЗА, і зрэшты былі пакараныя і асуджаныя вінаватыя. Тут важны і рэзананс, які атрымліваюць гэтыя справы, бо мы пішам пра іх, журналісты пішуць пра іх», – тлумачыць Валянцін Стэфановіч.

Факты катаванняў і міліцэйскай жорсткасці трапляюць і ў міжнародныя справаздачы праваабаронцаў. Разам з грамадскім рэзанансам гэта вымушае ўлады рэагаваць – хай нават часткова.

Яраслаў Сцешык belsat.eu