Пацукі захапілі дом і падворак у Жодзіна


Пакуль увесь свет аб’яднаўся ў змаганні з пандэміяй, а большасць краінаў абвясцілі каранцін, жыхары аднаго са шматпавярховікаў у Жодзіна ўжо не адзін год змагаюцца за элементарную санітарыю. Поўчышчы пацукоў захапілі дом і падворак.

Пакуль змаганні з імі застаюцца марнымі, але ці ёсць выйсце?

Дом нумар чатырнаццаць на вуліцы Ракасоўскага ў Жодзіне. Звонку – чысты і акуратны, з прыгожым муралам, які адсылае нас да твору Уладзіміра Караткевіча. Але хавае ў сабе вялізную праблему – будынак аточаны полчышчамі пацукоў.

«Яны бегаюць чарадой. Так страшна. Глядзіш на іх. І каты побач, і пацукі побач. І ніхто нікога не кранае, вось што страшна», – кажуць жыхары дому.

«Іх труцяць. Тут Каця працуе. Яна такая маленькая, метр з шапкай, прыйдзе – насыпле: гляджу – сыпле. Яны прыйшлі – паелі, паелі, паелі, хвосцікам памахалі: дзякуй, Кацюша, пакарміла нас!»

Па двары пацукі бегаюць літаральна пад нагамі, кажа кіроўца аўта, што паркуе тут машыну.

«Тут бегаюць, і пад машынай бегаюць, асабліва каля трэцяга падʼезду. Ну, страшнавата, бо пацукі – распаўсюднікі ўсяго, дзеці бегаюць тут».

Гаспадары кватэраў кажуць, што пацукі жылі ў доме гадамі, але былі нябачныя. Цяпер у доме заварылі смеццеправоды, і грызуны павыходзілі на пошукі ежы.

Жыхары на Ракасоўскага 14 увесь час падтрымліваюць парадак у доме і на тэрыторыі побач, выклікаюць санэпідэмстанцыю, сыплюць атруту, аднак пацукоў менш не становіцца.

Такое масавае нашэсце грызуноў можа быць небяспечным, адзначае эпідэміёлаг. Інфікаваныя жывёліны могуць пераносіць такія інфекцыйныя хваробы, як лептаспіроз, тулярэмію. Заразіцца можна не толькі праз укусы.

Эпідэміёлаг Алена Воўчанка адзначае: «Калі жывёліны інфікаваныя, то яны могуць пераносіць на сваіх лапках, на сваім целе з выпаражненнямі мікробы. І тады можа ўзнікнуць захворванне. Цяпер, калі люты, сакавік – дастатковы пік для іерсініёзу. Быццам і простае захворванне, але ўсё роўна непрыемнае».

У санэпідэмстанцыі запэўніваюць: дэратызацыю ў доме праводзілі. Але пацукоў складана вывесці там, дзе бескантрольна раскладаецца невядомая атрута.

Вольга Мілько, аддзел прафілактычнай дэзынфекцыі: «Цяпер мы зрабілі сваю прынаду, расклалі ў вялізнай колькасці, паверце мне. Праз тыдзень мы будзем правяраць, як у іх пайшла справа. Гэта не цыяністы калій, атрута накапляльнага дзеяння. Недзе праз тыдзень яны мусяць загінуць. Пасля гэтага мы паглядзім і будзем зноў праводзіць дэратызацыйную захаду. Магчыма, калі эфекту не будзе, то трэба будзе мяняць прэпарат».

Паводле санітарна-эпідэміялагічнай службы, каб пазбавіцца ад пацукоў, жыхары дому таксама мусяць прыкласці намаганні – заштукаваць шчыліны, перастаць падкормліваць катоў, разам з якімі харчуюцца пацукі, а таксама падкідаць грызунам атруту. Агулам барацьба з пацукамі можа заняць яшчэ тры месяцы.

Таццяна Уласенка, «Белсат»