Патрэба ў навабранцах расце – будуць ільготы

Быў у войску – атрымаеш шэраг ільготаў: пенсійны стаж, пры паступленні і размеркаванні. Адмысловы ўказ кіраўніка краіны заахвочвае маладзёнаў служыць, а міністэрская інструкцыя напярэдадні – пашырае кола прыдатных да гэтае службы. У новай «вайсковай» стратэгіі ёсць прычыны, пра якія кіраўнік краіны згадваў толькі ўскосна.

Матывацыі служыць у маладзёнаў не паболела, кажа статыстыка. Цяпер дзяржава вяртае ільготы, якія некалі скасавала. Тэрміновую службу залічаць у пенсійны стаж: страхаванне салдатаў дзяржава возьме на сябе. Пасля службы ў войску ці рэзерве (пры добрым атэстаце і рэкамендацыі вайсковай часткі) кошты за падрыхтоўку да паступлення ў дзяржустановы пакрые дзяржава. Па атрыманні дыплому – перавага ў выбары працы па размеркаванні.

President.gov.by пра указ № 48:

«Прыняцце гэтага ўказу дасць магчымасць павысіць сацыяльную абарону асобаў, якіх прызвалі на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве».

Ці для людзей такія ільготы – аргумент дзеля таго каб ахвотна пайсці ці накіраваць блізкіх на тэрміновую службу? Меркаванні віцебчукоў:

«Я мяркую што людзі будуць больш актыўна ставіцца да службы ў войску».

«Гэтыя мізэрныя ільготы ні на што не паўплываюць ».

«А навошта заахвочваць. Які сэнс? Калі чалавек нічога свайго не мае, то што ён будзе бараніць?»

Клопат пра сацыяльную абароненасць жаўнераў-тэрміноўнікаў – не галоўная мэта дзяржавы – кажа вайсковы эксперт Леанід Спаткай:

«За кошт павелічэння будзем так казаць – масы для войск, з трэцяю і чацвёртаю групаю здароўя, будзе магчымасць больш людзей забраць у памежнікі, у сілы спецыяльных аперацыяў. Вось мэта».

Пра пераразмеркаванне якаснага складу маладзёнаў на службу на памежных заставах – вярхоўны галоўнакамандуючы згадаў у сярэдзіне 2018:

«Мы ж сёння не ваюем, мы навучаем. Дзе іх лепш падрыхтуюць і навучаць. Гэта вельмі вялікая праца, якую мы мусім правесці».

На 10 салдат больш – на кожную заставу і ў спецыяльныя войскі, якія выконваюць стратэгічную – абаронную функцыю. Як кампенсаваць «страты» у звычайных ваенных частках? Днямі ў краіне змяніліся патрабаванні да стану здароўя прызыўнікоў. Прыдатнымі да службы ці залічэння ў запас цяпер будуць маладзёны са скаліёзам, сардэчнаю недастатковасцю, субфібрылітэтам… Абгрунтаванне інструкцыі Мінздароўя і Мінабароны ў тым, што аўтаматызаваная армія мае больш сціплыя крытэры па фізічнай падрыхтоўцы – робіць выснову кандыдат медычных навук Аляксандр Сыкала:

«На мой погляд па выніках выхаду гэтай інструкцыі можна было стварыць нейкую міжведамственную камісію, якая абмеркавала б галоўную праблему – чаму пагаршаецца фізічнае здароўе моладзі і дзе і што трэба зрабіць, каб гэты стан палепшыўся?»

Замест гэтага, Міністэрства абароны супакойвае праціўнікаў рэформы: маўляў служыць будуць толькі тыя, каму не забароненыя нагрузкі. Рызыкаваць здароўем салдата і адказваць (калі не дай божа што) давядзецца прызыўным камісіям.

Юлія Цяльпук belsat

Глядзі таксама