Патрабаванні Беларусі і Расеі да саюзнай інтэграцыі ўзаемавыключальныя


Спачатку адкрыйце рынак, а потым пагаворым пра інтэграцыю. Паводле Аляксандра Лукашэнкі, Расея павінна пайсці на эканамічныя саступкі на карысць Менску. Што гэта азначае для нашай краіны, разбіраўся Аляксандр Папко.

Праз 10 дзён трэба сустракацца з прэзідэнтам Расеі, а абмяркоўваць – няма чаго. Гэтак дзяржаўнаму сакратару Саюзнае дзяржавы Грыгорыю Рапоту Аляксандр Лукашэнка апісаў хаду перамоваў пра паглыбленне расейска-беларускай інтэграцыі:

«[…] Слухайце, пра якую агульную валюту і ўваходжанне або аб’яднанне дзяржаваў можна гаварыць? Трэба расчысціць. Гэтага проста быць не мусіць у адносінах між дзвюма дзяржавамі».

А расчысціць дарогу да інтэграцыі, паводле Лукашэнкі, Масква можа толькі зняўшы абмежаванні на імпарт беларускіх харчоў, дамовіўшыся пра пастаўкі нафты і газу ды скампенсаваўшы Менску падатковы манеўр у нафтаздабычы.

«Расейскі бок настойвае на роўна супрацьлеглай логіцы рашэння гэтых пытанняў. То бок на стварэнні спачатку яснай інтэграцыйнае карты», – гаворыць Андрэй Ягораў, дырэктар Цэнтру еўрапейскае трансфармацыі.

Што ў гэтай карце – публіцы не даводзяць. Дамова пра Саюзную дзяржаву Беларусі і Расеі, падпісаная яшчэ 20 гадоў таму, прадугледжвала стварэнне агульнае мытні, валюты і Канстытуцыі, выбары агульнага парламенту і прэзідэнта. Перагледзець запылены дакумент у снежні прапанавала Масква. Куды інтэгравацца далей – вось ужо паўгода абмяркоўвае група чыноўнікаў дзвюх краінаў.

«Калі Лукашэнка выканае гэтыя патрабаванні Расеі, то ў бліжэйшай перспектыве гэта будзе азначаць, што Беларусь згубіць сябе, згубіць сваю незалежнасць, страціць кантроль над сваёй эканомікай, валютай», – працягвае Андрэй Ягораў.

Калі не выканае, то зазнае фінансавыя страты. Перамовы пра цану на газ пачнуцца толькі пасля завяршэння перамоваў наконт інтэграцыі – заявіў учора расейскі віцэ-прэм’ер Дзмітрый Козак. Ад вынікаў інтэграцыйных перамоваў, як раней заяўляла Міністэрства фінансаў нашае краіны, залежыць і выдаванне Расеяй новых крэдытаў.

«Эканамічна гэта складана, але не смяротна. Краіна выжыве і пры патрэбных дзеяннях адаптуецца да гэтых умоваў», – сцвярджае Вадзім Іосуб, старэйшы аналітык «Alpari».

40% сваіх тавараў: харчы, трактары, тэкстыль – нашая краіна прадае ў Расею. На Захад ідзе траціна экспарту. Гэта перадусім паліва і хімічныя прадукты з расейскае сыравіны. Ці не баяцца беларусы пагаршэння эканамічнае сітуацыі праз спрэчкі з Расеяй і ці бачаць альтэрнатыву супрацоўніцтву з Масквою? Пры гэта мы спыталі менчукоў, і вось што яны нам адказалі:

«Калі развіваць адносіны з Кітаем гэтаксама, як яны развіваюцца цяпер, то гадоў праз 10 мы зможам з гэтым справіцца».

«Трэба да сусветных цэнаў звыкаць. Упадаць у залежнасць праз танныя цукеркі і пернікі не варта».

«Гэта падштурхне да закрыцця стратных нерэнтабельных прадпрыемстваў, якія сёння на гэтай ігле сядзяць».

Але ўлады пакуль ідуць іншым шляхам. Крэдыт 630 мільёнаў долараў, які меўся прыйсці з Расеі, беларускае Міністэрства фінансаў плануе замяніць крэдытам з Кітаю.

Аляксандр Папко, Вітаўт Сіўчык belsat.eu