«Патрабаванне Лукашэнкі, рэалізацыя Шэймана». 18 гадоў таму зніклі Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі


Аднаго з галоўных апанентаў Аляксандра Лукашэнкі – былога старшыню Цэнтрвыбаркаму Віктара Ганчара разам з ягоным сябрам, бізнесоўцам Анатолем Красоўскім, выкралі ў ваколіцах вуліцы Фабрычнай у Менску роўна 18 гадоў таму.

Чатыры дубы

У нідэрландскім Эйндговене на скрыжаванні вуліцаў Райская і Вялікі Рай ужо дзевяць гадоў растуць чатыры дубы – у памяць пра чатырох зніклых беларусаў.

«Дрэва сімвалізуе жыццё чалавека. І пакуль жывуць гэтыя дрэвы, дагэтуль жывая памяць пра гвалтоўна зніклых беларусаў: Юрыя Захаранку, Віктара Ганчара, Анатолія Красоўскага і Дзмітрыя Завадскага», кажа дачка Анатоля Красоўскага, Валерыя.

Першым – у траўні 1999-га года – выкралі былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранку. Апошнім – у ліпені 2000-га – аператара Змітра Завадскага. 16-га верасня 1999-га года зніклі былы старшыня Цэнтрвыбаркаму Віктар Ганчар і ягоны сябар, бізнесовец Анатоль Красоўскі. Іх узгадваюць сёння не толькі ў Нідэрландах – да месца знікнення ў Менску колішнія паплечнікі Ганчара і Красоўскага штогод нясуць кветкі.

«Гэта справа часу, каб тыя ж самыя арганізатары, замоўцы – колькі ім не было б гадоў – каб яны селі на лаву падсудных», – кажа старшыня Аб«яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Імёны меркаваных злачынцаў утрымліваюцца ў «Абвінаваўчым акце», які падрыхтавалі і 10 гадоў таму скіравалі ў Генеральную пракуратуру сваякі зніклых ды юрысты. Гары Паганяйла, адзін з аўтараў дакументу і былы адвакат сем’яў загінулых, заявіў у сераду ў эфіры «Белсату», што «справа аб выкраданні гэтых людзей на аператыўным узроўні раскрытая».

Эскадроны смерці

У якасці датычных да забойства называюцца шэсць імёнаў. Мяркуюць, што беспасярэднім выканаўцам загаду быў камандзір спецназу Дзмітрый Паўлічэнка. За распрацоўванне адказвалі былы начальнік службы бяспекі прэзідэнта, былы і тагачасны міністры ўнутраных справаў, а таксама сакратар Рады бяспекі Віктар Шэйман. На версе гэтае піраміды – Аляксандр Лукашэнка.

«У прыватнасці, усе гэтыя прынятыя захады і падзеі былі толькі з ягонага жорсткага патрабавання, ці няхай не галосных, але камандаў, якія па сутнасці былі распрацаваныя і зрэалізаваныя ўжо Шэйманам і ягонымі падначаленымі», – кажа Паганяйла.

Каб зразумець матывы, вернемся на момант у вясну 99-га. У сакавіку апазіцыя на чале з Віктарам Ганчаром абвяшчае альтэрнатыўныя выбары прэзідэнта.

Пагроза была настолькі рэальная, што Лукашэнка ды ягонае атачэнне разгарнулі ґвалтоўную кампанію супраць усіх апазіцыйных сілаў, праваабаронцаў і журналістаў. Апагеем сталася з’яўленне гэтак званых эскадронаў смерці, датычнасць да якіх упарта адмаўляе кіраўнік краіны.

Праваабаронцы перакананыя, што доказы злачынстваў ёсць у тагачасных следчых, якім забаранілі давесці справу да канца. І ў выпадку змены ўлады яе можна завершыць за некалькі дзён.

«Як нас вучыць гісторыя, шмат якія рэчы, якія доўгі час, як кажуць, ляжалі на дне самага глыбокага акіяну, урэшце ўсплывалі на паверхню. Колькі будзе цягнуцца гэтая цішыня вакол гэтых справаў – невядома, але надзея ўсё ж мусіць жыць у нашых сэрцах», – кажа Хрысці Мідэа з «Міжнароднай амністыі».

Як жыве надзея ў сэрцах родных, што калісьці яны змогуць прынесці кветкі не да сімвалічных дрэваў, а на сапраўдную магілу.

«Прайшло 18 гадоў. То бок я жыву даўжэй без майго бацькі, чым з ім. Бо мне было 17 год, калі ён знік. І можна было б падумаць, што боль становіцца меншы, але гэта не так», – кажа Валерыя Красоўская.

Вольга Жарнасек