«Паталагічная русафобія» на саміце СНД


Сёння мы нарэшце атрымалі першыя вынікі сустрэчаў Пуціна і Лукашэнкі, а таксама паседжання Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савету ў Санкт-Пецярбурзе.

Краіны Еўразійскага эканамічнага саюзу ўзгаднілі план мерапрыемстваў, каб стварыць агульны рынак электрычнасці – праз 5 гадоў, ды падпісалі пагадненне аб пенсіях, якое дазволіць працаўнікам свабодна мяняць краіну працы ў межах аб’яднання. А што з паглыбленай інтэграцыяй Расеі і Беларусі?

Пуцін і Лукашэнка не падпісалі ўсіх дарожных мапаў паглыбленай інтэграцыі 7-га снежня – не падпісалі і 20-га. У чарговы раз пахваліліся зробленым за 20 гадоў…

«Калі мы пачыналі гэты працэс, у нас таваразварот быў 9 мільярдаў долараў, а цяпер ён 35,5», – нагадаў Пуцін.

«Мы стварылі адзіную абаронную прастору, адзіную прастору для працы нашых спецслужбаў, яны ў кантакце працуюць», – намякнуў Лукашэнка.

Але няма дамоваў аб ключавых пазіцыях – агульным рынку нафты, газа і аб агульнай падатковай сістэме. Толькі 3 інтэграцыйныя дакументы – дарожныя мапы паглыбленай інтэграцыі Расеі і Беларусі – засталіся няўзгодненымі.

«Толькі яны цікавяць беларускі рэжым насамрэч. Усё астатняе навязанае Масквой. І беларускі рэжым у сваіх перамовах сімулюе падпісанне гэтых мапаў, робячы выгляд, што гэта неістотна. Насамрэч за пуцінскімі планамі ў гэтых мапах стаіць доўгатэрміновая стратэгія», – мяркуе філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч.

Мэта стратэгіі – аднаўленне Савецкага Саюзу або Расейскай Імперыі ў магчымых на сёння межах, а заадно і абнуленне прэзідэнцкіх тэрмінаў Пуціна, мяркуе Уладзімір Мацкевіч.

Пра Савецкі Саюз учора ў Санкт-Пецярбурзе кіраўнік Расеі амаль гадзіну распавядаў здзіўленым партнёрам па СНД, зачытваючы архіўныя дакументы ў абарону сакрэтнага пакту Молатава-Рыбентропа, якія прадстаўляюць Савецкі Саюз – гарантам бяспекі ў Еўропе, а краіны-саюзнікі антыгітлераўскай кааліцыі – вінаватымі ў пачатку Другой Сусветнай вайны.

«У падставе ўсяго, што я цяпер паказаў, безумоўна, ляжыць паталагічная русафобія», – заявіў Пуцін паміж зачытваннем архіўных данясенняў савецкіх дыпламатаў і шпіёнаў.

Хай і ў межах сустрэчаў лідараў СНД і Еўразійскага саюзу, але гэта ўжо 11-ая сустрэча Лукашэнкі і Пуціна ад леташняга снежня. З ініцыятывы Масквы ідзе прыцягванне Беларусі да канкрэтыкі ў перамовах, да падпісання дакументаў на падставе ранейшых эканамічных датацыяў.

«На самой справе гэта была не нафта за пацалункі, а нафта за саступленне значнай часткі суверэнітэту. І калі на пачатку падавалася калі яно яшчэ дойдзе, калі саступкі будуць рэальна цяжка зваротнымі, то цяпер гэты час наступае», – папярэджвае эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч.

«Я б увогуле не назваў гэта працягам перамоваў. Працягваецца канфрантацыя. Ну і дзякуй богу, хай яна сабе працягваецца да ўсведамлення таго, што Беларусі трэба спыніць гэтыя перамовы і злазіць з нафтагазавай іголкі, на якую падсаджвае нас Расея», – падсумоўвае Уладзімір Мацкевіч.

Уся канкрэтыка, якой падзяліўся Лукашэнка пасля перамоваў – налета Беларусь купіць у Расеі 20-22 мільярдаў кубаметраў газу і 25 мільёнаў тонаў нафты. Кошты – не вышэй за сёлетні ўзровень, але дакладныя лічбы яшчэ будуць вызначаць на ўзроўні міністэрстваў і ведамстваў.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»