Аб'ектыў 22.10.2019 Пасткі ў законах дазваляюць уладам кантраляваць выбары


Скончыўся толькі першы этап выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў, а ўжо назбіралася дастаткова матэрыялаў пра парушэнні і хітрыкі ўладаў. У тым ліку з выкарыстаннем адмысловых пастак у законах.

Непразрыстасць правярання і падліку подпісаў, мізэрная колькасць прадстаўнікоў апазіцыі ў выбарчых камісіях, масавыя адмовы ў рэгістрацыі апазіцыйных кандыдатаў… Гэтыя ды іншыя парушэнні падчас выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў былі зафіксаваныя сябрамі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

Алег Гулак, старшыня Беларускага Хельсінскага камітэту:

«Існыя працэдуры і практыка іх прымянення зробленыя такім чынам, што гэта набор адміністратыўных рагатак, а не працэдура, якая накіраваная, каб забяспечыць гэтую логіку па сутнасці… На практыцы прызнаюцца несапраўднымі подпісы па фармальных прыкметах, і ніхто не сумняецца, што рэальныя людзі гэтыя подпісы ў вылучэнне канкрэтных кандыдатаў паставілі».

Паводле старшыні Беларускага Хельсінкскага камітэту Алега Гулака, выбарка подпісаў для правярання адбываецца не выпадковым метадам, як мусіць, а з мэтаю знайсці і згрупаваць подпісы, якія можна паставіць пад сумнеў. Атрымліваецца падстава для маніпуляцыі. Да таго ж, правяранне подпісаў – фактычна закрытая працэдура нават для кандыдатаў.

Уладзімір Лабковіч, праваабарончы цэнтр «Вясна»:

«Выбарчы кодэкс не прадугледжвае ніякіх крытэраў да тых асобаў, якія павінныя ўваходзіць у склад камісіяў, акрамя ўзросту і грамадзянства. І гэта пакідае гэтае пытанне цалкам на водкуп органаў мясцовай улады, якія фармуюць камісіі. З моманту ўтварэння гэтага кодэксу, з моманту правядзення выбараў па гэтых правілах, выбарчыя камісіі фактычна цалкам забетанаваныя ад прадстаўнікоў апазіцыі».

Сёлета колькасць прадстаўнікоў апазіцыі ў выбарчых камісіях рэкордна нізкая: прыблізна чвэрць адсотка ад агульнай колькасці ва ўчастковых і 2,5 адсоткі – у акруговых. У той жа момант, праўладных людзей уводзяць у камісіі фактычна ў абыход закону, сцвярджаюць праваабаронцы. Уладзімір Лабковіч, праваабарончы цэнтр «Вясна»:

«Фармальна закон забараняе вылучаць ад аднаго працоўнага калектыву прадстаўнікоў у камісію. Таму давайце дырэктара вылучым, напрыклад, ад «Белай Русі», завуча – ад Саюзу жанчын, настаўнікаў – пяць вылучым шляхам збору подпісаў, аднаго – ад прафсаюзу, аднаго – ад нейкай палітычнай партыі, аднаго – ад Таварыства аматараў кактусаў. Фармальна яны вылучаныя рознымі шляхамі, дзе яны працуюць – невядома».

У выніку, кажуць праваабаронцы, такая камісія будзе рабіць усё, што ёй загадае кіраўнік, паводле сумяшчальніцтва – начальнік на працы. Напрыклад, у Барысаве, на ўчастку для галасавання нумар 9 усе чальцы камісіі – працаўнікі школы нумар 2. Алег Гулак, старшыня Беларускага Хельсінскага камітэту:

«Мы бачылі ў гісторыі і нашмат больш жорсткія падыходы. Але пачатак кампаніі, у тым ліку і пачатак працэдуры збору подпісаў, быў лагодны, лагаднейшы, чым у мінулыя разы, што давала падставы спадзявацца на іншы варыянт».

Аднак правапрымяняльная практыка ўладаў ужо на этапе рэгістрацыі кандыдатаў і фармавання выбарчых камісіяў паказала: іншага варыянту не будзе.

Гэтак, з аднаго боку, выбарчае заканадаўства не дасканалае. З другога – нават яно пры правільным падыходзе дазваляе правесці свабодныя і дэмакратычныя выбары. Праўда, на гэта патрэбная палітычная воля кіраўніцтва краіны. А яе пакуль нешта не відаць.

Зміцер Міцкевіч belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары