Пасол Еўразвязу ў Беларусі распавёў пра асабістую амбіцыю ў дачыненні да нашай краіны


Дырк Шубэль. Фота са старонкі Прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі ў «Фэйсбуку»

Дырк Шубэль падчас канферэнцыі з нагоды 10-годдзя Беларускай нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці «Усходняга партнёрства» заявіў, што хоча зрабіць Беларусь бліжэй Еўропы ды паведаміў пра падваенне фінансавання беларускіх праектаў у межах ініцыятывы.

25 студзеня на штогадовай канферэнцыі БНП ФГС у Менску прадстаўнікі каля 80 некамерцыйных арганізацыяў абралі чальцоў каардынацыйнага камітэту платформы ды падсумавалі вынікі яе 10-гадовай дзейнасці.

«У нас з’явіліся розныя фарматы ўзаемадзеяння з беларускаю дзяржавай. У нас ёсць каардынацыйная група «ЕЗ – Беларусь», у нас ёсць дыялог аб правах чалавека, дзе прадстаўленая грамадзянская супольнасць і ёсць магчымасць прадстаўляць альтэрнатыўныя пазіцыі, меркаванні, справаздачы», – кажа Мікалай Кванталіяні з Нацыянальнай платформы форуму грамадзянскай супольнасці «Усходняга партнёрства».

Замежныя дыпламаты, якія прысутнічалі на юбілейнай канферэнцыі, падзяліліся сваім бачаннем развіцця беларуска-еўрапейскіх стасункаў і пахваліліся ростам супрацы.

«Мы падвоілі нашае фінансаванне для Беларусі, мы адкрылі некаторыя банкі для аперацыяў у Беларусі, што добра для ўсіх, не толькі для ўраду, і мы будзем старацца рабіць усё, каб зрабіць Еўропу бліжэй да Беларусі, гэта і мая асабістая амбіцыя», – заявіў кіраўнік прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі Дырк Шубэль.

«Без грамадзянскай супольнасці нічога немагчыма. Вядома, урады і чыноўнікі распрацоўваюць пэўныя дакументы, вызначаюць ключавыя кірункі. Але ж рэалізацыя гэтых дакументаў амаль заўсёды адбываецца на ўзроўні грамадзянскай супольнасці», – кажа амбасадарка Аўстрыі Алёйзья Вёргетэр.

У Беларускай нацыянальнай платформе працуе пяць тэматычных групаў. Усе яны рэалізуюць супольныя праекты і выступаюць на міжнародных форумах. Сярод пытанняў падымаюцца і праблемы з правамі чалавека ў Беларусі.

«У самым «Усходнім партнёрстве» недастаткова інструментаў, каб быць сур’ёзным матыватарам для беларускіх уладаў паляпшаць сітуацыю з правамі чалавека», – кажа праваабаронца Алег Гулак.

Сярод асноўных праблемаў – нядаўнія арышты і больш за сотню судовых паседжанняў, а таксама наяўнасць смяротнага пакарання. Але, на думку праваабаронцы, менавіта неабходнасць захавання беларуска-еўрапейскіх дачыненняў не дае перайсці ўладам пэўнай мяжы ў галіне правоў чалавека.

Рэпартаж Насты Кахановіч глядзіце ў поўным выданні навінаў за 25 студзеня