Паслявыбарчыя рэпрэсіі: затрыманні, суды і штрафы да 1225 рублёў


Штрафы да 50 базавых велічыняў за арганізацыю або ўдзел у акцыях, якія адбываліся ў межах парламенцкай выбарчай кампаніі. Як толькі ўвага беларусаў пераключылася на штодзённыя пытанні, дзяржава паклікала ў суды ўдзельнікаў пікетаў, якія тут жа назвалі несанкцыяванымі масавымі мерапрыемствамі.

8 лістапада быў выбарчы пікет некалькіх альтэрнатыўных кандыдатаў і народная сустрэча крытыкаў улады. Службы ў цывільным рабілі сваё: разбілі дынамік пікетоўцаў ды ўчынілі хапун. За правядзенне гэтага пікету сябра АГП Дзяніса Красачку пакаралі штрафам у памеры 25 базавых велічынь (BR 612.5). Рашэнне Першамайскага раённага суда Менску абвесцілі пасля доўгага перапынку.

«Яны хочуць выслужыцца перад некім вышэй, прасунуцца па кар’ернай лесвіцы і адсправаздачыцца перад прэзідэнтам, які сказаў, што трэба рукі і галовы выкручваць назіральнікам, а я акурат прызываў усіх на гэтым мерапрыемстве запісвацца ў назіранне», – кажа Дзяніс Красачка, сябра АГП.

Супярэчнасць у тым, што выбарчыя пікеты не санкцыянуюць. Толькі паведамляюць у выканаўчы камітэт пра дату і месца правядзення. Што і зрабіў кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Мікалай Маслоўскі:

«Я асабіста ножкамі занёс у Менгарвыканкам папяровае паведамленне і паклаў у скрыню, ды з іхнай старонкі даслаў яшчэ і электронны зварот два дні перад правядзеннем, што на плошчы Свабоды будзе праходзіць мой пікет».

Праз 5 дзён пасля выбараў старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына хвалілася:

«Колькі асобаў атрымалі магчымасць для свабоднага выказвання сваіх думак праз дзяржаўныя СМІ, праз правядзенне свабодных мітынгаў і пікетаў, грамадскіх мерапрыемстваў. Гэтыя лічбы проста натхняльныя!»

Натхненне пакінула нас разам з міжнароднымі назіральнікамі. Судовыя працэсы рушылі супраць больш чым 20 асобаў: за ўдзел ці арганізацыю пікетаў у часе электаральнай кампаніі (арт 23.34 КаАП). Сёння ж і ўжо на 50 «базавых» (то бок на BR 1225) суд аштрафаваў актывістаў Ніну Багінскую, Вольгу Мікалайчык і Леаніда Кулакова. Апошняга за ўдзел у «Сустрэчы свабодных людзей» на сталічнай плошчы Свабоды – 16 лістапада.

Мэтаю гэтых рэпрэсіяў палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі называе стрыманне вулічнай актыўнасці:

«Адміністрацыйнымі штрафамі ці арыштамі цяпер збіць гэтую хвалю, людзей, якіх трошкі напалохаць, каб не было масавых выступаў падчас прэзідэнцкіх выбараў. Бо гэта тое, чаго ўлада перадусім баіцца. Каб не было як у 2010 годзе, калі без усялякіх цырымоніяў давялося разганяць тую самую плошчу, хапаць сотні людзей, саджаць за краты».

А праваабаронца «Вясны» Валянцін Стэфановіч лічыць, што дазвол на суды сістэма атрымала пасля таго, як міжнародная супольнасць дала выбарам нізкую ацэнку. Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» звярнулася да кіраўніка краіны з заклікам:

«Мы заклікаем улады спыніць неадкладна ўсе гэтыя рэпрэсіі ў поствыбарчы перыяд, бо яны яшчэ больш падкрэсліваюць недэмакратычны характар выбараў».

Да канца тыдня запланаваныя яшчэ больш за 20 судоў.

Юлія Цяльпук belsat.eu