Пасля зменаў у законе грамадзянамі Украіны сталі 23 замежнікі


З моманту падпісання Закону аб спрашчэнні атрымання ўкраінскага грамадзянства замежным добраахвотнікам, пашпарты атрымалі трое беларусаў. Усяго ж грамадзянамі Украіны сталі 23 замежнікі.

Мікіта Макееў з пазыўным «Адысей» прыехаў бараніць Украіну з Пецярбургу ў 2014 годзе. Кажа – з прычыны абвостранага пачуцця справядлівасці. На фронце быў кантужаны. Грамадзянства спрабаваў атрымаць ажно з 2015 года…

«Нежаданне самога Пятра Парашэнкі даваць грамадзянства. Ён паабяцаў, а потым перадумаў. Чаму – не ведаю, трэба запытаць у яго. Мы чулі мэсідж ад людзей, якія нам спачувалі: ёсць дакладная пазіцыя Пятра Аляксеевіча адносна ўсіх дабравольцаў-замежнікаў» – кажа Адысей.

Атрымаць украінскае грамадзянства спрабаваў і наш суайчыннік Дзяніс Прохараў з Менску. Ён ваяваў у складзе «Азова», потым – у тактычнай групе беларускіх добраахвотнікаў «Пагоня». Чатыры гады спрабаваў атрымаць грамадзянства, атрымаў толькі цяпер. Ён распавёў, навошта яно патрэбнае:

«Банальна атрымліваць сацыяльную дапамогу, банальна мець магчымасць хадзіць у паліклініку, станавіцца на нейкі ўлік, без гэтага нікуды. Нават лекаванне. Калі ты якія-небудзь траўмы атрымліваеш ці раненні, то табе не дапамогуць, калі няма грамадзянства».

Паводле расследавання, якое праводзілі нашыя калегі, у вайне на Данбасе на баку Украіны бралі ўдзел ад 200 да 500 грамадзянаў Беларусі. Колькі ўсяго замежнікаў удзельнічала ў канфлікце, дакладна не вядома, але лік перавальвае за тысячу. Большасць гэтых людзей на радзіме чакае крымінальная адказнасць за найміцтва.

«Калі я сюды з’ехаў, праз год пачаў цікавіцца мной і маймі сябрамі Камітэт бяспекі Беларусі. Пачалі наведваць дом, абшуквалі мой пакой, дзе я жыў. Спадзяваліся нешта знайсці ці падкінуць, каб была нейкая нагода, каб мяне выцягнуць. І яшчэ прыходзяць камісіі і кажуць: калі ён прыйдзе?» – кажа Дзяніс Прохараў.

Мікіта Макееў дадае:

«Так, пагроза дэпартацыі была ў любы момант, нават від на жыхарства не бараніў мяне часовы. І нават пастаянны. Ён не бараніў мяне ад дэпартацыі, ад экстрадыцыі».

Пасля змены ў законе, каб атрымаць грамадзянства, добраахвотнікам дастаткова даведкі – пацверджання, што замежнік браў удзел у абароне Украіны. Чаму ж раней было так складана стаць уладальнікам украінскага пашпарта? Мы запыталіся ў юрыста з Кіеву Сяргея Старэнькага:

«Тут быў карупцыйны складнік. Дакументы тармазіліся дзесьці на ўзроўні Адміністрацыі прэзідэнта. Хутчэй за ўсё – у чаканні нейкіх карупцыйных штуршкоў».

Паводле прадстаўнікоў баявых фармаванняў, да прыняцця Закону аб спрашчэнні атрымання грамадзянства, за апошнія пяць гадоў грамадзянамі Украіны сталі менш за 10 замежных добраахвотнікаў.

Ян Вярбіцкі, belsat.eu