Пасля візіту журналістаў у саўгасе нечакана з'явілася паліва


Гэта толькі ў Драздах з уборкай ураджаю ўсё добра – ужо і бульбу выкапалі, і кавуны сабралі. І тэхніка ёсць, і паліва не бракуе. Інакш – у большасці гаспадарак Беларусі, хоць у афіцыйнай прэсе ўлады і рапартуюць, што ўраджай ужо сабраны.

«Праз што ўборка зацягваецца? Паліва ў асноўным. Было б паліва – ішла б справа».

Нязжаты авёс зарос быллём і амаль асыпаўся. Каб скончыць уборку ў былым саўгасе-мільянеры «Рагінь» на Гомельшчыне – няма паліва. Год для сельскай гаспадаркі быў няпросты: у пачатку лета – засуха, а ў ліпені – залевы.

«Спачатку спякота, выпаліла ўсё, а пасля дажджы пайшлі – трава пайшла наверх. Зерне, сцёблы – во (паказвае), а трава – во, у пояс» – расказвае Уладзімір Юркоў, камбайнер, ААТ «Рагінь».

Аднак працаўнікі адзначаюць, што на пачатку сезону перабояў у гаспадарцы з саляркаю не было. Уладзімір Юркоў дадае:

«Я асабіста сеяў, саляркі хапала, трактар ніколі не стаяў, а вось як уборачная пачалася…»

«Пакуль сырое надвор’е было – месяц дажджы лілі – паліва было, з упраўлення прымушаюць прыбіраць, хоць і вільготнае. А як збіраць вільготнае? На току ўсё гэта псуецца, сушылкі не спраўляюцца перапрацоўваць» – скардзіцца кіроўца Віктар Габрусеў, ААТ «Рагінь».

Цяпер жа тэхніка пераважна прастойвае або запраўляецца «уручную». Віктар Габрусеў:

«З каністрамі запраўшчык ездзіў, за наяўныя грошы куплялі, заправіў тэхніку – тэхніка працуе ў гэтую секунду. А каб бензавоз прывёз – нешта апошнім часам нам зверху слаба пастаўляюць».

«Я не ведаю, у чым праблема, але няма. Каб пастаянна было як належыць – такога няма цяпер», – распавядае Сяргей Майсеенка, трактарыст, ААТ «Рагінь».

Кіраўнікоў гаспадаркі незалежныя журналісты знайсці не здолелі, а ў бухгалтэрыі не патлумачылі, чаму паліва няма. Тэлефонная размова з бухгалтэрыяй ААТ «Рагінь»:

«Чым выкліканыя перабоі ў забеспячэнні палівам у вашай гаспадарцы?» – «Я не магу на гэтае пытанне адказваць». – «А чаму?» – паклалі слухаўку.

Але заняпад у гаспадарцы бачны не толькі па сітуацыі са жнівом. Людзі ўзгадваюць, што ў лепшы час саўгас «Рагінь» меў тры тысячы галоваў быдла, спіртзавод, вялікі парк тэхнікі. Жыхары Рагіні распавядаюць:

«Тут Баранаўка называлася раней – яна была поўнасцю забітая дамамі, людзьмі, а цяпер лічаныя хаты, дзе людзі жывуць, а так усё разваленае».

«Гэтая ж тэхніка – у нас адных трактароў штук 60 было і машынаў штук 50. А цяпер тры машыны ці дзве машыны».

«Куды падзелася? Пакралі ды пад канец яшчэ і падпалілі, і цяпер там нічога няма».

«Сюды б, канечне, прэзідэнта, ён бы парадак навёў, а так запусцілі калгас і ўсё».

Парадак парадкам, але між іншага Лукашэнка абвесціў бліжэйшы год – Годам малой радзімы. Вось толькі мястэчкам і вёскам ад гэтага не лягчэй, а мясцовыя актывісты лічаць такія заявы пусканнем пылу ў вочы.

«Нашая ўлада ці шмат асабіста чыноўнікаў маюць прыхільнасць да прыгожых словаў. Год малой радзімы, культуры ці чаго яшчэ – на жаль, гэтымі словамі прыкрываюць кепскую практыку выкачвання з людзей сродкаў, а ўзамен нічога не жадаюць даваць» – каментуе Юрый Глушакоў, грамадскі актывіст, партыя «Зялёныя».

Зрэшты, выглядае, што незалежныя журналісты даюць рады з кіраваннем лепш, чым улады: даслоўна праз некалькі гадзінаў пасля іхнага візіту на поле ў гаспадарку прывезлі бензавоз паліва. На колькі яго хопіць – іншае пытанне.

Ірына Дарафейчук, belsat.eu

Фотаздымак на застаўцы да відэа: REUTERS / VASILY FEDOSENKO / FORUM