Пасля прабежкі – у бар. Рэпартаж пра тых, хто бяжыць у кайф


Ілюстрацыйнае фота – Максім Шэметаў / Reuters / Forum

Выходны дзень і кепскае надвор’е – не перашкода для прабежкі. У Менску сёння адбыўся забег аматарскага клубу «Mikkeler Running Club». Больш за 60 аматараў бегу сабраліся, каб прабегчы трасы пяць або дзесяць кіламетраў і гэтак развітацца са святочнымі застоллямі.

«Ёсць шмат клубаў, якія прапаноўваюць прабежкі, прапаноўваюць трэніроўкі. Але няма адзінства, няма таго, каб людзі сабраліся пасля трэніроўкі і абмеркавалі свае планы, забегі, свае поспехі і паразы», – кажа Андрэй Хімцэвіч, які браў удзел у забегу.

«Салаты – гэта добра, і святкаванні – гэта выдатна. Галоўнае – памятаць, калі быў перапынак, то трэба зразумець, што і пачынаем мы з крыху меншых аб’ёмаў і з меншых адлегласцяў, чым звычайна», – дае парады Мікіта Саскоў.

«Падчас Новага года мы ўсе людзі, любім паесці ды адпачнуць, таму калі пару дзён не пабегаць, то нічога страшнага не адбудзецца. Я – за бег у кайф», – дзеліцца ўласным досведам Аляксандра Тапунова.

Сетка «Mikkeler Running Club» была заснаваная ў Даніі ў 2014 годзе, і сёння яна мае ўжо 256 філіялаў па ўсім свеце. Менскі філіял з’явіўся чатыры гады таму. Адметнасць «Mikkeler Running Club» – гэта сяброўскія пасядзелкі ў бары пасля забегаў.

«У нас, напрыклад, у нашым клубе няма мэты штосьці зрабіць грандыёзнае. Мэта, напэўна, больш у тым, каб людзі прыходзілі да нас разняволена, каб проста адпачывалі», – распавядае Вікторыя Касцюк, капітан менскага філіялу «Mikkeler Running Club».

Менскі «Mikkeler Running Club» ладзіць забегі кожную першую суботу месяца. Далучыцца да клубу можа кожны ахвочы.

Рэпартаж Ксеніі Тарасевіч глядзіце ў поўным выданні навінаў за 11 студзеня