Пасля Бабіча. Амбасадар Расеі змяніўся, ягоныя задачы – не


Міхаіл Бабіч вызвалены ад абавязкаў амбасадара ў Беларусі і адмыслоавага прадстаўніка Уладзіміра Пуціна ў справах супрацы з Беларуссю. Надзвычайным і паўнамоцным амбасадарам прызначаны Дзмітрый Мезенцаў.

Вайсковец-КГБ-іст пры савецкай уладзе, чыноўнік ФСБ пры Пуціне, Міхаіл Бабіч напрыканцы жніўня 2018-га быў прызначаны не проста амбасадарам Расеі ў Менску, а спецпрызначэнцам, прадстаўніком Уладзіміра Пуціна. Ягонай мэтай было вывесці інтэграцыю на новы ўзровень, эканамічна і палітычна. Улады Беларусі прынялі Бабіча насцярожана, але ветліва. Але не прайшло і года, як пасла адклікаюць.

Рэпартаж Яраслава Сцешыка глядзіце ў поўным выданні навінаў за 1 траўня

Бабіч запомніўся беларусам не толькі тым, што ўкамплектаваў амбасаду кадрамі, якія ўдзельнічалі ў анексіі Крыма – ён і сам актыўна дапамагаў захопу паўвострава. У адрозненні ад папярэдніка Аляксандра Сурыкава, Бабіч ездзіў па беларускіх прадпрыемствах з дэманстратыўнымі інспекцыямі, уступаў у палеміку з Міністэрствам замежных справаў Беларусі і непасрэдна з Лукашэнкам.

Дзеянні Бабіча ў інфармацыйным полі наклаліся на новыя крызісы ў беларуска-расейскіх стасунках.

«Гэта метадычнае перасячэнне ім «чырвоных ліній», пастаўленых Менскам, калі амбасадар атрымліваў агрыман. Гэта ўсталяванне кантактаў з апазіцыяй і мясцовымі ўладамі, мінуючы Адміністрацыю прэзідэнта», – прыгадвае Арсен Сівіцкі, дырэктар Цэнтру стратэгічных і замежнапалітычных даследаванняў.

Але Бабіч быў не проста дыпламатам, адзначае Арсен Сівіцкі. Гэты сілавік з бліжэйшага кола Пуціна меў своеасаблівую місію, і, падобна, выканаў яе.

«Ён прадэманстраваў, што ў стасунках Масквы і Менску не ўсё добра, і даў сігнал беларускаму грамадству і элітам, што Крэмль разглядае розныя сцэнары і опцыі, у тым ліку ўмяшанне ва ўнутрыпалітычныя працэсы. І разглядае магчымасць працаваць з іншымі палітычнымі сіламі», – мяркуе эксперт.

Новым прадстаўніком Масквы ў Менску будзе Дзмітрый Мезенцаў, былы сенатар, былы іркуцкі губернатар, кандыдат псіхалагічных навук – абараняўся на тэму «Псіхалогія ўплыву СМІ на фармаванне палітычных установак асобы», даследаваў інфармацыйныя фантомныя канструкцыі. У Камітэце Дзярждумы Расеі ў справах СНД, не чакаючы згоды Менску на новую кандыдатуру, ужо заявілі, што Мезенцаў будзе разбірацца з тымі ж праблемамі – інтэграцыяй Расеі і Беларусі. Зрэшты, яшчэ за Бабічам Аляксандр Лукашэнка не адмаўляўся ад старой рыторыкі.

Міхаіл Бабіч і Уладзімір Пуцін. Фота – Alexei Nikolsky/Russian Presidential Press and Information Office/TASS/Forum

Але ўжо здарылася: Расея паставіла ў Беларусь нафту з утрыманнем хлор-арганікі ў дзясяткі разоў вышэй за норму, чым пашкодзіла дарагое абсталяванне на Мазырскім НПЗ. Шкодная нафта дагэтуль у трубах, хлор раз’ядае абсталяванне, беларускі бюджэт страчвае грошы без нафтаперапрацоўкі. У Маскве ўжо знайшлі вінаватых – маленькае прыватнае прадпрыемства ў Самарскай вобласці.

Пераадолець хлор-нафтавы крызіс будзе адной з першых задачаў новага амбасадара. І Менск будзе патрабаваць сур’ёзнай кампенсацыі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»