Пасля Арменіі Лукашэнка не хоча рэферэндуму


Сёння гарант кастытуцыі выступіў з самым кароткім у гісторыі пасланнем народу і парламенту.

Меркавалася, што падчас выступу Лукашэнка распавядзе пра неабходнасць вынясення на рэферэндум пытанняў пра павелічэнне тэрміну паўнамоцтваў прэзідэнта з 5 да 7 гадоў і адмены для кіраўніка краіны ўзроставага цэнзу. Але Лукашэнка даў задні ход.

Па выступе было бачна, што ён моцна ўражаны падзеямі ў Ерэване. Згадкі пра армянскія падзеі гучалі некалькі разоў. Той факт, што Сэрж Саргсьян адмовіўся ад пасады пад ціскам пратэсту, Лукашэнка акрэсліў не іначай як «лідар зламаўся»

«Калі нехта разлічвае, што мы прымем Канстытуцыю і тым самым створым падмурак для майдану або нашых майданутых, то гэтага ў краіне не будзе, пакуль я прэзідэнт», – сказаў Лукашэнка.

Дык што ў астатку, будзе рэферэндум, ці сённяшняе пасланне паставіла кропку ў гэтым пытанні?

«Пра нейкую канстытуцыйную рэформу, у сваім разуменні, Лукашэнка задумаецца тады, калі паўстане пытанне транзіту ўлады. Бо ніхто не вечны і са здароўем усякае можа быць. Але сёння Лукашэнка гоніць ад сябе гэтыя думкі. Ён жа і хакеем займаецца і моркву з участка есць і доўга яшчэ хоча быць здаровым», – упэўнены палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Тым не меней, рэферэндуму Аляксандр Лукашэнка прысвяціў восьмую частку сваёй прамовы.

«Нам не да таго, каб тут муць уздымаць у краіне. Вы ж бачыце хто сёння патрабуе зменаў у канстытуцыю?», – заявіў Лукашэнка.

Адназначнага адказу, хто ж гэтых зменаў патрабуе, у сваёй прамове Лукашэнка не даў. Іх пашукаў Ігар Кулей.

Фота – прэсавая служба кіраўніка Беларусі