Паскардзіўся на рабскую працу ў калгасе, а яго звольнілі


Грамадзянін Туркменістану Рустам Бабакулыеў жыве ў Беларусі 17 гадоў. Тут нарадзіліся ягоныя чацвёра дзяцей, грамадзяне Беларусі. З 2011 года працаваў жывёлаводам на СПК «Чарняхоўскі-Агра». У 2015-ым паскардзіўся ў Адміністрацыю прэзідэнта на ўмовы працы, у выніку – яго звольнілі, але пасля абскарджання – аднавілі. Цярпеў, працаваў 12 гадзінаў на дзень, зусім без выходных і адпачынкаў. Выконваў працу, разлічаную на дваіх, з заробкам на аднаго. Зноў стаў патрабаваць ад прадпрыемства належнай аплаты, але марна. Увосень пачаў скардзіцца ў розныя інстанцыі, дайшоў да Адміністрацыі прэзідэнта.

«Правялі праверку. Там ужо напэўна тыдзень правяралі, такую праверку правяралі, я ніколі не бачыў. А дзе да гэтага знаходзіліся?», – кажа Рустам.

У час праверкі выявілі і неаплачаныя гадзіны, і нявыкарыстаныя адпачынкі

Прадпрыемства абавязалі ўсё кампенсаваць, а вінаватых прыцягнуць да адказнасці. Прапісалі ўсе абавязкі ды выправілі ў прымусовы адпачынак. Але ў час адпачынку выклікалі падпісаць дадатковае пагадненне.

Рустам адмовіўся, бо праз дадатковыя абавязкі не мог гарантаваць бяспекі жывёле, за якую нёс адказнасць. У выніку яго звольнілі. Мы адправіліся да дырэктара, але трапілі акурат на свята: 70-годдзе прадпрыемства. Дырэктар СПК «Чарняхоўскі-Агра» не захацеў даваць каментара на камеру, але сказаў, што Рустам зашмат патрабуе.

«Да яго ніякіх прэтэнзіяў не мелі. Я і па сённяшні дзень прэтэнзіяў не маю. Ён павінен выконваць працу, якая яму дадзена, а не яго ўмовы мы павінны выконваць», – патлумачыў Святаслаў Аляшкевіч.

Юрыст прадпрыемства таксама пабаяўся камеры

Але запэўніў, што працэдура звальнення аформленая адпаведна заканадаўству.

Афіцыйная прычына звальнення – адмова падпісаць дадатковае пагадненне. Рустам лічыць, што гэтак яму адпомсцілі за скаргі.

Іншай працы Рустам пакуль не змог знайсці, бо ўсе прадпрыемствы побач толькі скарачаюць працаўнікоў.

Вольга Чайчыц, Андрусь Козел, «Белсат»