Пашпартны крызіс


Усход Украіны ваюе: знішчаныя гарады, уласная нерухомасць жыхароў рэгіёну. І новы загад Пуціна наўрад ці паспрыяе хуткаму развязанню канфлікту. Кіраўнік Расеі 18 лютага падпісаў указ, паводле якога ў Расейскай Федэрацыі прызнаюцца дакументы, выдадзеныя ў ДНР і ЛНР. Што дэ-факта азначае прызнанне самаабвешчаных рэспублік.

Прыняцце дакументу каментуе міністр замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў:

«Указам прэзідэнта дазволена прымаць тыя пасведчанні асобаў, якія ёсць у жыхароў Данбасу, Данецка і Луганска, для таго, каб яны маглі і ў Расею трапляць легітымна, і затым перасоўвацца, і чыгуначным, і авіятранспартам па Расейскай Федэрацыі».

Чытайце таксама: Парашэнка адрэагаваў на прызнанне Расеяй дакументаў ДНР і ЛНР

Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксандр Турчынаў ужо назваў пастанову Пуціна «фактычным выхадам з Менскіх пагадненняў». А шэраг экспертаў наўпрост звязвае гэты крок з сустрэчаю Пятра Парашэнкі і Майка Пэнса ў Мюнхене, дзе віцэ-прэзідэнт ЗША запэўніў украінскага прэзідэнта ў імкненні падтрымаць цэласнасць Украіны.

«Я праінфармаваў віцэ-прэзідэнта пра нядаўнюю пастанову Пуціна – прызнанне пашпартоў акупаваных тэрыторыяў гэтак званых ДНР і ЛНР, для мяне гэта чарговы доказ і расейскай акупацыі, і парушэння міжнароднага права», – кажа кіраўнік Украіны.

Жыхары тэрыторыяў, якіх не кантралюе Украіна, дасюль былі ў прававым вакууме. Усе дакументы яны мусілі пацвярджаць на неакупаванай тэрыторыі Украіны. Цяпер указ Пуціна з аднаго боку можа легалізаваць дакументы ДНР і ЛНР на міжнародным узроўні, а з іншага – Расея заганяе Украіну ў прававую пастку, мяркуе рэдактар prostir.pl Ігар Ісаеў:

«На жаль, такім чынам гэтыя тэрыторыі проста выпіхваюцца з Украіны, хаця Расея фармальна прызнае іх украінскімі. Аднак мы маем вялікі тупік для ўкраінскай улады: Расея дае сабе чарговы інструмент кіравання Украінай у сітуацыі, калі адбываецца канферэнцыя ў Мюнхене, на фоне абрання Трампа. І гэта тэст для міжнароднай супольнасці, Расея дазваляе сабе ісці даволі далёка».

Моцнай рэакцыі міжнароднай супольнасці пакуль не прагучала, што азначае для ўкраінскага боку не найлепшую перспектыву развіцця падзеяў. У ёй Расея будзе выкарыстоўваць Менскія пагадненні, каб прасоўвацца не толькі ўглыб тэрыторыі Украіны, але і захопліваць чарговыя рубяжы.

Наста Ільіна, «Белсат»

Глядзіце выданне цалкам