Паселішча няма, але свята вёскі адзначаюць


Вёскі няма, а свята ёсць. Жыхары адселенай пасля чарнобыльскай катастрофы вёскі Амелькаўшчына ў Хойніцкім раёне ўжо дзявяты год на Тройцу з’язджаюцца на радзіму з розных куткоў Беларусі і ладзяць свята вёскі.

«Людзі сустракаюцца плачуць, радыя, што пабачылі адзін аднаго, кажуць, едзем як апошні раз, хочацца пабачыцца, ужо ўсе ва ўзросце. Такіх, як мае бацькі, ужо многіх няма, адзінкі засталіся, а тут жа ладна людзей было», – кажа Вера Басава, удзельніца свята.

Калісьці ў Амелькаўшчыне месціліся цэнтр сельсавету і калгасу, тут былі і школа, і клуб, і крамы. Цяпер засталіся зарослыя хмызняком і дрэвамі вуліцы, а на месцы хатаў – разваліны ды падмуркі.

«Гэта нашая памяць, нашыя карані, нашыя тут парогі, каторыя ўжо згнілі і мохам пакрыліся».

«Мы як радня. Калі я сустрэну ў Менску земляка, а я ў Менску жыву, – гэта самая сапраўдная радня».

Надзея Царанок, адная з арганізатарак свята вёскі, падрыхтавала і выдала зборнік «Амелькаўшчына – нашы карані», сабраўшы ў ім вершы, артыкулы і ўспаміны, прысвечаныя роднай вёсцы.

Свята Тройцы ў роднай вёсцы для жанчыны – галоўная падзея года.

«На нашых сустрэчах не толькі спяваюць, але і плачуць, і танчаць. Артысты прыязджаюць. Свята, на якое нас некалі чакалі бацькі, замяняе нам сённяшні дзень», – распавядае Надзея Царанок, арганізатарка свята.

Нарадзінец Амелькаўшчыны, маскоўскі бізнесовец Алег Прыматор, дапамагае і арганізоўваць святы, і будаваць капліцу на вясковых могілках.

«Усе жывуць, пакуль іх помняць. Нашыя памерлыя пахаваныя тут, пакуль мы іх памятаем, яны для нас жывыя, жывая вёска нашая, родныя, таму што мы помнім пра іх», – кажа Алег Прыматор, арганізатар свята.

Сёння нячаста збіраюцца землякі і ў жывых вёсках. А ў адселенай тры дзесяцігоддзі таму Амелькаўшчыне раз на год, на Тройцу, віруе чалавечае жыццё – радаснае і адначасова сумнае свята.

Ірына Дарафейчук belsat.eu