Парламент Паўднёвай Карэі прагаласаваў за імпічмент прэзідэнта


З перавагаю на 34 галасы паўднёвакарэйскія парламентары прагаласавалі сёння за імпічмент прэзідэнту. З трохсот дэпутатаў за адхіленне ад пасады Пак Кын Хе выказалася 234.

ЖЫХАРЫ ПАЎДНЁВАЙ КАРЭІ

«Я вельмі ганаруся тым, што стаў сведкам гэтага гістарычнага моманту, і спадзяюся, што новы ўрад будзе адлюстроўваць волю народу, каб не дапусціць такой сітуацыі зноў».

«Дзіўная падзея. Але хто б ні стаў наступным лідарам нашай краіны, я спадзяюся, у нас будзе спакойна».

Цяпер Канстытуцыйны суд цягам 180-ці дзён мусіць пацвердзіць рашэнне парламенту аб адстаўцы прэзідэнта, якая трапіла ў карупцыйны скандал праз Чхой Сун Сіль. Даўнюю прэзідэнцкую сяброўку арыштавалі ў лістападзе па падазрэнні ў незаконным атрыманні грошай. Тады ж на вуліцы Сеулу ды іншых гарадоў выйшлі тысячы карэйцаў, патрабуючы адстаўкі Пак Кын Хе. Мітынг за імпічмент перад будынкам парламенту праходзіў і сёння.

ПАК КЫН ХЕ, ПРЭЗІДЭНТ РЭСПУБЛІКІ КАРЭЯ:

«Я прымаю голас парламенту і народу ды шчыра спадзяюся, што гэтае пытанне будзе развязанае абгрунтавана».

Пры гэтым гісторыя сучаснай Карэі ведае прыклад, калі парламент краіны прагаласаваў за імпічмент прэзідэнту, а Канстытуцыйны суд гэтае рашэнне адмяніў. У выніку ў 2004 годзе Но Му Хён застаўся на сваёй пасадзе. Праўда, праз год палітыка абвінавацілі ў атрыманні хабару памерам шэсць мільёнаў долараў, і Но Му Хён скінуўся з абрыву, скончыўшы жыццё самагубствам. Што да прагнозаў адносна сёлетняга імпічменту, адмыслоўцы пакуль не спяшаюцца казаць пра радыкальныя змены. Прынамсі, у вонкавай ды ўнутранай палітыцы Паўднёвай Карэі.

ЯЎГЕН КРАСУЛІН, КАНДЫДАТ ГІСТАРЫЧНЫХ НАВУК:

«Думаю, што пільная ўвага будзе нададзеная элементам бяспекі на мяжы, якая падзяляе Паўночную і Паўднёвую Карэі. Бо кіраўніцтва Паўночнай Карэі можа таксама ўспрымаць гэта як зручны момант для ўмяшання».

Грамадзянскай вайна ў Карэі, якая скончылася больш за шэсцьдзесят гадоў таму, падзяліла не толькі краіну на дзве дзяржавы, але і некалі адзіную нацыю. І калі ў Паўночнай Карэі здушваюцца ўсе грамадзянскія свабоды ды дзесяцігоддзямі пануе адная з самых жорсткіх дыктатураў у свеце – дынастыя Кімаў, то паўднёвакарэйскі народ сам вызначае, хто мусіць стаяць у стырна краіны ды ці ў стане прэзідэнт выконваць свае абавязкі.

ЯЎГЕН КРАСУЛІН:

«Ідэя сапраўды папулярная, а калі яна папулярная, то яна будзе даведзеная да канца. І тыя масавыя пратэсты, якія праходзілі ў карэйскіх гарадах яшчэ да галасавання ў парламенце, паказваюць, што воля народа накіраваная на тое, каб гэты імпічмент усё ж такі адбыўся».

Пакуль жа суд будзе вызначаць лёс Пак Кын Хе выконваць абавязкі прэзідэнта Карэі даручылі прэмʼер-міністру краіны. У сённяшняй прамове да нацыі Хўанг Кё Ан запэўніў, што кіраванне дзяржаваю будзе працягнутае без збояў ды перапынкаў.

Віталь Бабін, «Белсат»