Парэшткі Кастуся Каліноўскага знайшлі? Ідэнтыфікацыя зойме паўгода


Увесну 1864 года адзін з кіраўнікоў нацыянальна-вызваленчага паўстання Кастусь Каліноўскі развітваўся з жыццём у царскім астрогу. І вось цяпер ёсць шанец, што парэшткі нацыянальнага героя Беларусі знойдзеныя. Такі спадзеў зʼявіўся пасля знаходкі невядомых пахаванняў на Замкавай гары ў Вільні. Усяго ў Вільні царскія карнікі расстралялі альбо павесілі 21 паўстанца, магілы якіх рупліва скрываліся.

Парэшткі пяці чалавек, верагодна, паўстанцаў 1863-1864 гадоў

Адкрыць знаходку археолагам дапамагла стыхія, то бок чарговы апоўзень ля гары Гедыміна. Целы былі пахаваныя без трунаў і засыпаны вапнаю, а іх рукі былі звязаныя вяроўкамі. Гэта можа сведчыць пра тое, што парэшткі належаць пакараным смерцю праз павешанне.

«Тут была крэпасць у Вільні, закрытае месца, і паколькі хацелі пахаваць паўстанцаў у месцы, каб ніхто не ведаў, каб яно не стала святым месцам для мясцовага народа», – тлумачыць здагадку Валдас Ракуціс з Вайсковай Акадэміі Літвы.

Пры парэштках знайшлі фрагменты вопраткі, гузікі, і асабістыя рэчы – два каталіцкія медальёны, датаваныя сярэдзінай дзевятнаццатага стагоддзя. Адзін з іх мае выяву Маці Божай Вастрабрамскай і Хрыста з віленскай капліцы на Сніпішках.

Знайшлі магілу, у якой пахаваны чалавек ва ўзросце каля 25-29 гадоў

Адразу штурхае на здагадку пра Кастуся Каліноўскага.

«Вядома, археолагі могуць сказаць больш-менш. Паколькі яны гавораць, што Каліноўскі падобны па ўзросце, то можа быць і ён. Верагоднасць вялікая, але ніхто не дае 100 %», – дадае спадар Ракуціс.

Гэта важная гістарычная асоба, героі таго і цяперашняга часу

«Вядома, гэта будзе мець значэнне і не толькі ў Літве, напэўна, але і ў больш шырокім культурным рэгіёне – таксама ў Беларусі і Польшчы. У гэтым сэнсе, гэта агульная барацьба, агульная асоба, важная для ўсіх нас», – мяркуе археолаг Арунас Калеюс з Нацыянальнага музею Літвы.

Легенда пра пахаванні лідараў нацыянальна-вызвольнага паўстання на гары Гедыміна перадавалася з пакалення ў пакаленне

Яшчэ ў 1904 годзе пра гэта пісаў гісторык-аматар Уладзіслаў Загорскі. Раскопкі ўжо праводзілі падчас Першай Сусветнай вайны, а ўжо ў 20 гады мінулага стагоддзя на гары нават зʼявілася шыльда з імем Кастуся Каліноўскага, аднак ніякіх навуковых пацверджанняў да гэтага не знайшлі. Нядаўняя ж знаходка дазволіць правесці дакладную экспертызу. Хутчэй за ўсё, адмыслоўцам спатрэбіцца паўгода, каб індэнтыфікаваць парэшткі.

Ганна Русінава, Вітаўт Сіўчык, Аркадзь Несцярэнка, «Белсат», фота: Нацыянальны музей Літвы