Паразы і перамогі абаронцаў Курапатаў


Ужо трэці тыдзень не спыняецца пратэст супраць рэстарану «Поедем поедим», які пабудавалі ўсяго за 50 метраў ад урочышча Курапаты.

Адкрыццё забаўляльнай установы непасрэдна каля месца, дзе ляжаць больш за 50 тысячаў забітых НКВД, выклікала абурэнне шматлікіх грамадскіх лідараў – прадпрымальнікаў, навукоўцаў, дзеячаў культуры. У суботу падтрымаць пратэстоўцаў прыехала народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка.

«На фоне курапацкіх крыжоў вось гэтае архітэктурнае збудаванне сапраўды выглядае як ГУЛАГаўскі барак. […] Сусветная супольнасць не даруе Беларусі вось гэтага здзеку», – лічыць Народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка.

Адкрыццё рэстарану ля месца сталінскіх расстрэлаў сапраўды шакавала грамадскасць – і не толькі ў Беларусі, але і за мяжой.

«Усё, што датычыць захавання памяці, асабліва памяці трагічнай, – гэта тэма вельмі балючая, і для Расеі, між іншага, і для Беларусі. І ставіць у такім месцы рэстаран, на мой погляд, проста непрыстойна», – лічыць музыка Андрэй Макарэвіч.

«Божа, яны звар’яцелі? […] Там, дзе расстрэльвалі нявінных людзей, ставіць рэстарацыю, прыбіральню, лазню, пральню – ганебна!», – мяркуе расейская акторка Лія Ахеджакава.

Блакада ад пратэстоўцаў

Уласнікі і адміністрацыя рэстарану каментаваць сітуацыю адмаўляюцца. Тым часам пратэстоўцы імкнуцца перашкодзіць праезду грузавікоў з ежай, а наведнікам тлумачаць, што тут адбывалася.

Акцыя будзе трываць да закрыцця рэстарану – заяўляюць пратэстоўцы. Штодня з 12-й гадзіны да поўначы варту каля яго трымае іншая грамадская арганізацыя. Аднак удзельнікаў пікету ў апошнія дні няшмат – усяго дзясятак.

«Людзей сапраўды магло б быць нашмат больш. Кожны думае: «Я лепш паназіраю за тым, што адбываецца, і ўсё абыдзецца без мяне», – кажа грамадская актывістка Мая Навумава.

За 16 дзён блакады здарылася ўсяго некалькі сур’ёзных інцыдэнтаў. 5 чэрвеня мянчук Алег Задарожны спрабаваў сілай прарвацца праз ланцуг пратэстоўцаў, што скончылася штурханінай. А 13 чэрвеня грамадзянін Расеі Іван Ермакоў, які сімпатызуе Сталіну, нават тараніў удзельнікаў акцыі аўтамабілем.

Міліцыя паводзіць сябе пасіўна і ў спрэчкі не ўмешвацца. Пры гэтым складае на ўдзельнікаў акцыі пратаколы за «дробнае хуліганства», «удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве» і «парушэнне правілаў дарожнага руху». Такіх пратаколаў пратэстоўцы ўжо атрымалі больш за 30.

«Трэба сюды прыходзіць. Трэба дэманстраваць, што не ўсё так проста. Ніхто не забудзецца і не сыдзе адсюль дзеля таго, каб яны маглі займацца сваім «бізнесам», – запэўнівае актывіст Максім Вінярскі.

Рэстаран каля месца сталінскіх расстрэлаў пачалі будаваць сем гадоў таму. Пасля пратэстаў грамадскасці пракуратура высветліла, што забаўляльная ўстанова ўзводзіцца незаконна. Аднак улады Менскай вобласці змянілі ахоўныя межы мемарыялу, і будаўніцтва было працягнутае. Сёння ў пракуратуру Беларусі накіраваны запыт з просьбай праверыць законнасць змены межаў мемарыялу. Накіравала яго дэпутатка Ганна Канапацкая.