Парадзіх з Менскай вобласці з пнеўманіяй вязуць нараджаць у Маладзечна


Маладзечанская радзільня прымае толькі жанчын з запаленнем лёгкіх ды падазрэннем на каронавірус.

Машыны хуткай дапамогі да Маладзечанскай больніцы № 1 пад’язджаюць і падʼязджаюць, у той час як каля шпіталю № 2 – усё спакойна. Паводле інфармацыі нашых крыніцаў, менавіта ў першую, у стары корпус, вязуць хворых з падазрэннем на каронавірус. Аддзяленне кардыялогіі тут перапрафілявалі ў пульманалогію.

Здаровых жыхарак Маладзечна адпраўляюць нараджаць у Вялейку. Ілюстратыўнае фота: Валерый Шарыфулін / ТАСС / Forum

Гэта не ўсе змены ў Маладзечанскай цэнтральнай раённай больніцы: цяпер радзільня ў Маладзечне прымае толькі жанчын з пнеўманіяй ды падазрэннем на каронавірус. Парадзіхі з такімі дыягназамі едуць у Маладзечна з усёй Менскай вобласці. Маладзечанак з планавымі родамі адпраўляюць у Вялейку.

На старым адрасе не працуе і жаночая кансультацыя. Прыватныя медычныя ўстановы перайшлі на скарочаны графік. Толькі з вострым болем прымуць і ў стаматалагічнай паліклініцы.

«Калі тэмпература, у нас ёсць спецыяльны кабінет – чацвёрты. Мы тады папярэджваем лекара, што прыйшоў такі вось чалавек. У нас ужо былі такія пацыенты», – тлумачыць медсястра Таццяна Ракаўчук.

Афіцыйнай статыстыкі аб колькасці пацверджаных дыягназаў у Маладзечне няма. Адмовіўся на гэтае пытанне адказваць і намеснік галоўнага доктара Цэнтральнай раённай больніцы Іван Лужынскі:

«Калі ласка, звяртайцеся на афіцыйны сайт, там усё размешчана, што трэба ведаць прэсе».

Першая маладзечанка, якая адкрыта расказала пра пацверджаны ў яе каронавірус, – Вольга Лагвіновіч. Цяпер з сям’ёй яна ў больніцы.

На ўмовах ананімнасці мы паразмаўлялі з ейным знаёмцам, шпіталізаваным пасля кантакту з Вольгаю. Вось што ён распавёў:

«Я хварэў дзесьці тры тыдні, пастаянна хадзіў з тэмпературай, два разы быў на бальнічным. Іх закрывалі, і я ўсё роўна сыходзіў з тэмпературай. Выходзіў некалькі дзён на працу, хадзіў у краму, нармальна меў зносіны. Адзінае, калі мяне на хуткай сюды павезлі, то ў размовах я пачуў, што нас двое за дзень было. З Маладзечна».

Не ўсе медыкі, якіх мы сустрэлі, працуюць у ахоўных касцюмах, маскі таксама не ўсе адпавядаюць патрабаванням бяспекі. Паводле інфармацыі нашых крыніцаў, больніца вяла перамовы з райвыканкамам аб магчымасці ізаляваць медыкаў у гатэлі «Маладзечна». Аднак пакуль безвынікова.

Сітуацыя ў горадзе, далей ад шпіталяў, выглядае спакойнай. Мы спыталі ў мінакоў, ці ёсць каронавірус у Маладзечне.

«Можа быць, хтосьці праходзіць гэтую хваробу так, што не моцна і праяўляецца. Але накшталт пакуль усё спакойна».

«У мяне на пляцоўцы двое ў больніцы ляжаць. Станоўчы вынік на тэст. Які дыягназ? Ну калі станоўчы вынік на тэст, значыць, каронавірус».

«Тое, што я бачу: людзі гуляюць, ім добра, вы інтэрвʼю бераце. Значыць, нармальна».

Пра адносна спакойную сітуацыю ў горадзе кажа і Вольга Бондар – яна прыехала на самаізаляцыю з Менску.

«Не падʼязджаюць да суседніх падʼездаў хуткія, не выходзяць людзі ў спецвопратцы, з гэтымі распыляльнікамі. Праблема ў тым, што ў нас у горадзе, наколькі я ведаю, а я ў гэтым упэўненая, не працуе нават сам апарат. Калі б людзям было неабходна зрабіць нейкі тэст, то наўрад ці б гэта было магчымым», – кажа Вольга.

Рэпартаж Алены Дубовік глядзіце ў поўным выданні навінаў за 25 красавіка