Магчымую цану параду для падаткаплатнікаў апублікавала выданне Naviny.by. Сапраўдны кошт імпрэзы ўлады замоўчваюць.
Некалькі разоў на год вуліцы беларускай сталіцы накрывае грукат вайсковай тэхнікі – падчас параду або адной з яго рэпетыцыяў.
Улады бачаць у традыцыйным дзействе відовішчнасць ды «эмацыйна-патрыятычны ўздым», менчукі – разбіты асфальт, шум ды транспартавыя калапсы.
Танкам – самае месца ў двухмільённым горадзе, кажуць эксперты вайсковай газеты «Во славу Родины». Маўляў, насамрэч асфальт танкаў не баіцца, а тыя, хто думае інакш – замоўленыя ды праплочаныя. Пры гэтым кошт параду сціпла замоўчваецца. Гаворка можа ісці пра амаль два з паловаю мільёны долараў.
«Не проста там, ведаеце, дзве машыны паставілі, пракацілі і ўсё. Я прасіў паказаць моц арміі, каб людзі паглядзелі і зрабілі для сябе высновы, што там нешта ёсць, што можа іх абараніць», – заяўляў Лукашэнка.
Пачуццё ж абароненасці ў людзей выклікае не паказное бразганне зброяй, а павага дзяржавы да чалавека, захаванне і развіццё прамысловасці, эканомікі ды культуры.
Сёлета 3 ліпеня парадам пройдуць каля 4000 вайскоўцаў ды больш за 260 адзінак баявой ды не толькі тэхнікі. Сёлетняя асаблівасць – удзел жанчын, кадэтаў і кітайскіх вайскоўцаў, а таксама дэманстрацыя высокатэхналагічнага рабатызаванага комплексу. А вось ці чакаць купальняў, унітазаў і тушонкі, як летась, арганізатары імпрэзы пакуль не ўдакладняюць.
Сцяпан Святлоў; фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»