Аб'ектыў 21.06.2018 Пара кліентаў на дзень – усё, што мае «рэстаран на костках» праз абаронцаў Курапат


За тры тыдні вахты пры брамах рэстарацыі «Паедзем, паядзім» каля ўрочышча Курапаты ўзялі ўдзел 300 асобаў – распавёў на імправізаванай прэсавай канферэнцыі лідар Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Павал Севярынец. Актывісты ўпэўненыя, што па выніках варты перамога на іхным баку. Аднак пратэстаў не спыняць.

Тры тыдні пікетоўцы трымаюць 12-гадзінную вахту ля брамаў, як самі кажуць, «рэстарану на касцях». Рэстаран «Паедзем паядзім» з’явіўся на месцы скандальнага «Бульбаш-холу» – за 50 метраў ад месца масавых расстрэлаў у 30-40 гады. На іхнае меркаванне – блакада ідзе паспяхова.

«Самы яскравы вынік абароны Курапатаў – гэта байкот з боку беларусаў. Нягледзячы на вялізны інфармацыйны шум вакол гэтай тэмы, людзі сюды не ідуць. Адзін, можа два чалавекі ў банкетным холе на 300 персонаў – гэта вынік курапацкай абароны. Пара чалавек на дзень – усё, што мае гэты Бульбаш-хол», – распавядае Павел Севярынец.

Сапраўды, нягледзячы на тое, што часцяком пікетоўцаў ля брамы можна было палічыць на пальцах адной рукі, буйная рэстаранная пляцоўка, разлічаная на 300 асобаў, стаіць пустая. Уласнікі пры гэтым на дыялог не ідуць.

«Мы бачым, уласнікі хаваюцца, і гэтым фактычна прызнаюць амаральнасць сваіх дзеянняў, бо калі ты робіш годную справу, ты не будзеш хавацца, ты будзеш абараняць сваю пазіцыю», – намеснік старшыні партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Пазіцыю ўласнікаў даводзіцца тлумачыць іхным сябрам і журналістам. Рэстаранны комплекс сапраўды стаіць па-за межамі ахоўнай зоны і будаўніцтва ўзгодненае са сталічнымі ўладамі. Іншая рэч, што тая зона была зменшаная ўдвая ў 2014 годзе. Акурат такім чынам, каб каля ўрочышча маглі паўстаць «Паедзем паядзім» і бізнес-цэнтр, будаўніцтва якога згарнулі пасля леташніх пратэстаў.

«Калі гэта працягнецца на тыдзень-другі, то ўлады вымушаныя будуць заняць нейкую пазіцыю. Шмат што залежыць ад таго, што скажуць беларускія ўлады», – кажа лідар АГП Анатоль Лябедзька

Цяпер улады, прынамсі сталічныя, кажуць, што рэстарацыя і ўласнікі нічога не парушаюць. Але ў 2010 годзе, калі падпісалі дамову аб будаўніцтве ў гэтым месцы, цытата, «абʼекту прыдарожнага сэрвісу», ахоўная зона праходзіла акурат пасярэдзіне сённяшняга «Паедзем паядзім». У 2012 годзе Міністэрства культуры і Генеральная пракуратура заўважылі, што паўстае значна большы абʼект, чымся заяўлены першапачаткова, і загадалі будаўніцтва спыніць.

«Нічога законнага ў гэтай афёры няма. Пачынаючы з перадачы ахоўных зонаў у арэнду пад забудову – калі яны былі ахоўнымі зонамі, – ёсць дакументы. Гектар зямлі на кальцавой аформлены на 100 гадоў за 117 долараў на месяц!», – распавядае Павел Севярынец.

Пра амаральнасць такога будаўніцтва, на меркаванне пратэстоўцаў, і казаць няма чаго. Тым не менш, за гэтыя тры тыдні на пікетоўцаў склалі больш за 60 адміністрацыйных пратаколаў. То бок страты нясуць як уласнікі, гэтак і актывісты. А ўлады – маўчаць.

УШ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары