Папулярнасць абраннікаў ці вынік фальсіфікацыяў?


Адзіны дзень галасавання, падобна, скончыўся для Крамля трыумфам. Перш за ўсё гэта датычыць губернатарскіх выбараў. Усе 18 кандыдатаў ад улады пераканаўча перамаглі ў сваіх рэгіёнах.

«Здаецца, галоўныя асцярогі Крамля не спраўдзіліся. Кандыдаты ў губернатары ад улады ўпэўнена занялі ўсе пазіцыі. Больш за трэць – з вынікам 80 % і больш. Ну, хіба цяпер хтосьці будзе спрачацца пра тое, што ў рэгіёнах няма маладых, перспектыўных і папулярных палітыкаў?», – кажа журналіст Глеб Белічэнка.

Летась у верасні, калі губернатараў абіралі ў шаснаццаці рэгіёнах, толькі сем кандыдатаў набралі больш за 70 адсоткаў галасоў. Сёлета такіх ужо 10.

«Яны настолькі атрымалі карт-бланш ад Крамля пазбягаць другога туру, што ў першым туры ўсе гэтыя дзіўныя людзі атрымалі нейкія зусім касмічныя адсоткі, што робіць іх значна папулярнейшымі за Пуціна. Я б цяпер бясконца мучыў афіцыёзных каментатараў пытаннямі: «Калі яны папулярнейшыя за Пуціна, дык, можа, хто-небудзь з іх мусіць яго змяніць?», – тлумачыць палітолаг Фёдар Крашаніннікаў.

Паказальны поспех кіраўніка Тамбоўскай вобласці Аляксандра Нікіціна, ён набраў больш за 86 адсоткаў галасоў. Пры гэтым палова з тых грамадзянаў, якія прагаласавалі ў рэгіёне, зрабілі гэта датэрмінова. У Тамбове, які збольшага дасяжны для незалежных назіральнікаў, за Нікіціна прагаласавалі папярэдне каля 35–40 адсоткаў выбарнікаў.

«Можна меркаваць, напрыклад, па яўцы. Параўноўваць яўку рэгіёнаў на датэрміновым галасаванні і на недатэрміновым. У ЦВК скажуць: ну таму, што людзі ахвотней ідуць у гэтыя дні. Таму, што лічаць, што будзе менш людзей, чым у дзень галасавання. А атрымліваецца, што іх, наадварот, больш. Тады ў чым сэнс гэтага расцягвання?», – кажа Васіль Вайсенберг, эксперт з руху «Голас».

Вывучэнне маштабу парушэнняў у назіральнікаў яшчэ наперадзе. Але ўжо цяпер, са словаў прадстаўнікоў апазіцыйных сілаў, можна сцвярджаць, што выбары былі далёка не чыстымі.

«Парушэнняў велізарнае мноства. У першую чаргу гэта звязана з увядзеннем так званага трохдзённага галасавання пад прыкрыццём каронавіруса. ЦВК вырашыла, што так выбарнікам будзе лепш і зручней, але насамрэч лепш і зручней толькі выбарчым камісіям і адміністрацыям фальсіфікаваць выбары. Мы назіралі адміністрацыйны нагон, у першую чаргу, праз датэрміновае, яго вельмі лёгка кантраляваць», – распавядае каардынатарка праекту «Объединенные демократы» Анастасія Буракова.

Але сёе-тое апазіцыя ўсё ж узяла, асабліва ў Сібіры. У Новасібірску ў гарсавет трапяць 5 прыхільнікаў Аляксея Навальнага, а «Единая Россия» заняла там толькі 22 месцы і страціла большасць. У Томску адзінаросы ўвогуле ўзялі толькі адзінаццаць з 37 месцаў у гарадскім сходзе. На выбарах у Тамбоўскую гарадскую дума сенсацыйна перамагла партыя «Родина», заняўшы амаль палову месцаў у парламенце. Праект «Объединенные демократы» заявіў пра тое, што ў выніку, нягледзячы на фальсіфікацыі па ўсёй Расеі, удалося прабіцца дзясяткам іх кандыдатаў.

«У першую чаргу гэта 60 незалежных дэпутатаў у чатырох рэгіёнах. Вядома, гэта вынік, нядрэнны вынік. Мы бачылі па ўсёй Расеі, у тым ліку ў штабу Навальнага некалькі незалежных дэпутатаў і ў Максіма Каца некалькі незалежных дэпутатаў», – кажа Ансатасія Буракова.

Усе гэтыя звесткі яшчэ не ўлічваюць вынікаў разумнага галасавання, якое прапанаваў Аляксей Навальны.

«Ёсць кандыдаты, якіх падтрымала «разумнае галасаванне», і іх бессэнсоўна ацэньваць, хто яны і што яны, важна, што гэта не «Единая Россия». У тым жа Томску «Единая Россия» у гарадскім савеце страціла наагул большасць, цяпер у меншасці. Хто ўжо там ад «разумнага галасавання» – хутка даведаемся. Можа аказацца і так, што яны цалкам расчаруюць», – лічыць Фёдар Крашаніннікаў.

Таксама частка месцаў дасталася праектам, створаным з прыцэлам на думскія выбары, якія адбудуцца налета. «Новые люди» праходзяць у чатыры рэгіянальныя парламенты, «За правду» і «Зелёная альтернатива», паводле папярэдніх звестак, – у адзін.

Глеб Белічэнка, Ірына Дарафейчук, «Белсат»