Папраўкі не для людзей: у беларусаў хочуць адабраць бясплатную медыцыну і аплатны адпачынак?

Без аплочванага адпачынку і бясплатнага тэрапеўта… можа пакінуць нас Канстытуцыя. У новай версіі шмат змен, якія супярэчаць інтарэсам беларусаў і нормам міжнароднага права – зрабілі выснову юрысты Каардынацыйнай рады, якія азнаёміліся з тэкстам рыхтаваных людзьмі Лукашэнкі паправак у асноўны Закон Беларусі. Што змяняюць і навошта?

Папраўкі ў Канстытуцыю, таксама як і ў Расеі, Лукашэнка хоча прыняць пакетам: сацыяльныя гарантыі ўперамешку з пытаннямі пра дзяржаўны лад… У Каардынацыйную раду трапіла працоўная версія прапановаў па зменах у Канстытуцыю. Сярод іх – адказ на працяглыя і настойлівыя антыўладныя пратэсты – права на страйк абмяжуюць канстытуцыйна. Палітычныя аб’яднанні страцяць права на замежныя крыніцы фінансавання:

«У Рэспубліцы Беларусь не дапускаецца дзейнасць палітычных партыяў і прафесійных саюзаў іншых дзяржаваў, а таксама фінансаванне палітычных партыяў і прафесійных саюзаў замежнымі юрыдычнымі асобамі і грамадзянамі, замежнымі дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі», – цытуем атрымана КР дакумент.

У працоўнай версіі паправак ідзе на дно рэкламаваная гадамі «сацыяльная дзяржава». З артыкулу 45 знікла ўсеагульнае права на бясплатную медычную дапамогу, дзяржава гарантуе платную.

А ў артыкуле 43 Канстытуцыі, дзе напісана пра даванне працаўнікам штогадовых аплатных адпачынкаў, выразанае слова «аплатны». То бок адпачывай за свой кошт?

Андрэй Ягораў, аналітык Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі:

«Беларуская дзяржава ўжо даўно не з’яўляецца сацыяльным гарантам, яно дрэйфуе, даючы ўсё менш і менш сацыяльных гарантыяў насельніцтву. Перакладаючы дбанне пра сябе на самых грамадзянаў. Гэта такі трэнд на змяншэнне дзяржаўных выдаткаў».

Юрысты Каардынацыйнай рады і палітолаг Андрэй Ягораў падкрэсліваюць, што паводле даступнай часткі паправак, асноўны Закон хутчэй адварочваецца ад грамадзянаў.

Жыхары Менску кажуць:

«Але Канстытуцыю навошта перапісваць? Для таго каб яму было зручней? Я так разумею, бо гэта ж не для нас перапісваецца».

«Бачна што людзі выходзяць і хочуць усё ж мірна вырашыць гэтае пытанне. Калі ўлада не пойдзе на дыялог – ёй канец».

«Мне падаецца вы бачыце што адбываецца. Ён хаваецца ад людзей не можа з імі размаўляць. Мне здаецца, што ён арганізуе Канстытуцыю да такога ўзроўню, што яго стане абіраць парламент і ён будзе правіць пажыццёва».

Суддзя Канстытуцыйнага суда першага складу Міхаіл Пастухоў падкрэслівае, што, уласна, самае галоўнае – гэта як паводле Канстытуцыі будуць пераразмяркоўвацца паўнамоцтвы ўлады. Гэтыя папраўкі – трымаюць за сямю замкамі.

«Неабходна моцна абмежаваць паўнамоцтвы прэзідэнта і перанесці асноўныя паўнамоцтвы ў парламент. Узмацніць прадстаўнічую заканадаўчую ўладу. Прэзідэнт у найлепшым выпадку можа быць кіраўніком выканаўчай улады ці кіраўніком ураду», – кажа Міхаіл Пастухоў.

Сваёй уладаю нязменны кіраўнік пакуль не хоча дзяліцца, і не дазволіць зруйнаваць вертыкаль улады – сказаў ён напярэдадні, у кантэксце разважанняў пра Кыргызстан.

Аляксандр Лукашэнка: «Нашыя ўчорашнія палітычныя апаненты заклікаюць: «давайце вернем Канстытуцыю 1994 года. Вось вынік – там (у Кыргызстане з падобнай Канстытуцыяй) ужо трэці пераварот. Няма ўлады – заўтра з’явяцца кланы, алігархі, якія будуць «дзярбаніць» краіну і пастаянна яе дзяліць».

Міхаіл Пастухоў лічыць, што беларусам востра патрэбнае аднаўленне вяршэнства Закона, абароны правоў і свабодаў грамадзянаў:

«У першую чаргу адмяніць смяротнае пакаранне як варварскі від пакарання, які не адпавядае міжнародным стандартам. Увесці пасаду ўпаўнаважанага па правах чалавека, як дадатковы сродак іх абароны. Забяспечыць судовую абарону ў належных межах».

За цывілізаваныя правы і за пераемнасць улады беларусы акурат і змагаюцца: на вуліцах, у дварах ці праз інтэрнэт-арт. Перш чым перарабляць Канстытуцыю, патрабуюць правесці законныя прэзідэнцкія выбары, наказаць катаў і вызваліць усіх палітвязняў.

Юлія Цяльпук belsat.eu