Аб'ектыў 09.12.2019 Папа Рымскі заклікаў маліцца за сыход сустрэчы Зяленскага і Пуціна


Упершыню за 3 гады прэзідэнты Украіны, Расеі, Нямеччыны і Францыі сустрэліся ў Парыжы ў нармандскім фармаце, каб абмеркаваць разам дый паасобку пытанні вяртання міру на Данбасе.

На гэтыя перамовы звярнуў увагу нават Ватыкан. Папа Рымскі заклікаў вернікаў маліцца за добрую хаду перамоваў:

«Я суправаджаю сустрэчу інтэнсіўнаю малітваю, бо там неабходны мір, і я запрашаю вас зрабіць тое самае, каб гэтая ініцыятыва палітычнага дыялогу паспрыяла міру і правасуддзю на гэтай тэрыторыі».

Былы ж прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка настроены больш крытычна. Акцыя пратэсту ў Кіеве адбылася напярэдадні, прадстаўнікі апазіцыі праводзяць гэтак званыя чырвоныя лініі, за якія Уладзімір Зяленскі не павінен заходзіць у часе перамоваў. Іх можна характарызаваць словамі «аніякіх кампрамісаў». Пратэсты праходзяць гучна і не без скандалаў.

Незадаволеныя з’явіліся і ў Парыжы. У тым ліку ў асобах актывістак з руху «Фэмэн».

Маскоўскі палітолаг Дзімтрый Арэшкін тым часам не падзяляе гэткай буры эмоцыяў вакол саміту. На ягоны погляд, сустрэча ў нармандскім фармаце моцна не зменіць цяперашняга стану рэчаў:

«Аніякіх сурʼёзных рухаў не будзе. Не бачу жорсткіх матэрыяльных стымулаў, якія б вымусілі моцны бок дамаўляцца са слабым. А ў слабага боку не бачу сродкаў уплыву на моцны бок».

Аднак эксперт мяркуе, што бакі здолеюць дамовіцца наконт газавага пытання: у фармаце абмену вайсковапалоннымі на новую газавую дамову. Гэтае пытанне Пуцін і Зяленскі будуць абмяркоўваць ужо пасля чатырохбаковых перамоваў, без прысутнасці сваіх калегаў з Францыі ды Нямеччыны.

Ян Вярбіцкі belsat.eu

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Фота: Alexei Druzhinin / Russian Presidential Press and Information Office / TASS / Forum

Глядзі таксама
Каментары