Папа Рымскі ўзгадаў у Вільні беларусаў


Падчас візіту ў Літву Папа Францішак узняў тэму савецкіх рэпрэсіяў, адзначыў традыцыйную для гэтых земляў талерантнасць ды заклікаў быць мостам між Заходняй і Усходняй Еўропай.

Папа Францішак прыляцеў у Вільню. Праз 25 гадоў пасля пасля візіту Яна Паўла ІІ, Пантыфік наведвае краіны Балтыі. З Вільні Пантыфік распачынае сваю пілігрымку ў краіны Балтыі, прымеркаваную да сотых угодкаў абвешчання незалежнасці Літвы, Латвіі ды Эстоніі.

Прэзідэнт Літвы падарыла Папу копію адмысловага звону свабоды, выкаванага амерыканскімі літоўцамі ў 1920 годзе.

У сваёй першай прамове Францішак узгадаў пра пакуты літоўскага народу ў ХХ стагоддзі – ссылкі, дэпартацыі, катаванні.

«На гэтых землях усе знаходзілі сабе дом: літоўцы, татары, палякі, расейцы, беларусы, украінцы, армяне і немцы, каталікі, праваслаўныя, пратэстанты, стараабрадцы, мусульмане і габрэі – усе мірна жылі разам, пакуль не прыйшла таталітарная ідэалогія», – заявіў Папа Францішак.

Сярод натоўпу пілігрымаў у Вільні можна сустрэць мноства нашых суайчыннікаў. Раней мы паведамлялі, што на сустрэчу з Папам мае прыехаць 2000 пілігрымаў з Беларусі. Сёння ўжо кажуць, што лічба можа быць значна большая.

Папа Рымскі Францішак падчас выступу ў Вострай Браме. За Пантыфікам – ікона Маці Божай Вастрабрамскай, нябеснае заступніцы Беларусі і Літвы. Фота – Max Rossi / Reuters/ Forum

Але не толькі з моладдзю сустракаецца Пантыфік. Францішак збіраецца спаткацца з духавенствам, каб акрэсліць складаныя выклікі, што паўсталі перад Касцёлам, не абмінаючы ганебных тэмаў.

«Гэта педафілія. І напэўна ён сустрэнецца з духавенствам, будзе гэтая запланавая сустрэча. Мы чакаем тыя словы, якія ён скіруе да святароў, да сясцёр законных», – заявіў ксёндз Юры Санько, прэс-сакратар Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі.

Нехта ўжо пабачыў Папу, а нехта яшчэ збіраецца ў дарогу. Заўтра Патыфік адслужыць Імшу ў Коўне, а ў панядзелак Францішак мае прыехаць у латвійскі санктуарый у Аглоне. Там памаліцца разам з біскупам Рыму збіраецца прынамсі тысяча каталікоў з Віцебшчыны.

«Будзем маліцца, каб Бог дазволіў нам любіць гэты найкаштоўнейшы дар свабоды. Каб Бог дазволіў нам зразумець, што толькі праўда можа нас вызваліць», – дадаў ксёндз Вячаслаў Барок, аканом Віцебскай дыяцэзіі.

Выказваюць вернікі і вялікае жаданне сустрэць некалі кіраўніка Каталіцкага Касцёлу ў Беларусі. Але пакуль даводзіцца задавольвацца магчымасцю бачыцца з Пантыфікам на суседскай зямлі.

Вітаўт Сіўчык, Ганна Русінава