Суды над блогерамі, пенсіянерамі ды новыя крымінальныя выракі


У панядзелак, 25 студзеня, беларускія суды працягнулі рух па звыклым коле. Жыхар Астравецкага раёну Уладзімір Чыжэўскі атрымаў год і тры месяцы зняволення за абразу прэзідэнта і міністра ўнутраных спраў.

Каля сямідзесяці салідарных з Паўлам Спірыным не змясціліся ў зале суда. Блогера абвінавачваюць у наўмысных дзеяннях, накіраваных на распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці. Сёння адбылося першае паседжанне.

«Усё будзе добра, усё будзе добра, не пераймайцеся. Ён разумны хлопец, усё будзе добра», – перакананая маці абвінавачанага Таццяна.

Падставаю сталіся два фільмы Паўла Спірына: «Грань» і «Жудасная таямніца генпракурора Беларусі: карт-бланш на садызм». Блогер адмовіўся ад адваката, бо палічыў, што ніводны яму не дапаможа.

«Кожнае яго выказванне не адрасаванае канкрэтнаму колу асобаў, таму я лічу, што ніякай віны яго ні ў чым няма», – лічыць Пётр, які прыйшоў падтрымаць блогера.

З бабруйскага ізалятару пачалі выпускаць затрыманых у пятніцу жыхароў гораду. За кратамі тады апынуліся 12 асобаў. У некаторых адбыліся ператрусы. Вядома, што Алену Стрыгунову пакаралі штрафам, як і яшчэ дзвюх асобаў.

«Адкрытая крымінальная справа: хтосьці абразіў супрацоўнікаў міліцыі, і мы праходзім як сведкі. Тым часам пачалі нас абшукваць. Завезлі ў УУС, сказалі: «На пару гадзін, вы толькі дасцё паказанні як сведкі». Насамрэч пратрымалі ўвесь дзень», – абураецца Алена Стрыгунова.

Інваліда 3-й групы Сяргея Бяляева пакаралі трохдзённым арыштам, які той ужо адседзеў. 12 содняў атрымаў Яўген Габрылян. Па 10 содняў – Іван Манько і Дзмітрый Косцін. Справу Андрэя Сініцы адправілі на дапрацоўку. За кратамі застаюцца абвінавачаныя ў крымінальнай справе за абразу міліцыянта медыкі Дзмітрый і Юлія Яскевічы. У выніку ўсіх судзілі за ўдзел у пратэсце на падставе фота са сцягамі.

«Фальсіфікацыя там, вядома, канкрэтная: яны падшывалі справу», – упэўнены Андрэй Сініца.

Прайшлі суды і над пенсіянеркамі, якіх затрымалі на Маршы мудрасці чатырнаццатага снежня. Аляксандру Шастакову пакаралі штрафам 870 рублёў.

«Мы пабачылі ёлку, мы пабачылі людзей, якія сабраліся. Ніякіх лозунгаў ніхто не выкрыкваў, ніякай сімволікі там не было. Мы спыніліся ўбаку. Потым я прыклала суду відэа «Euraradio», я знайшла яго ў інтэрнэце, дзе бачна, што мы стаім удвох убаку і размаўляем, накіраваліся ў бок ГУМу – у гэты момант плошчу акружылі, нас папросту прымусілі вярнуцца назад. Потым правялі ў аўтобусы», – згадвае Аляксандра Шастакова.

Затрыманні адбываліся і сёння. Меркавана праз акцыю 14 снежня, калі ў «Dana Mall» вывесілі вялізарны бел-чырвона-белы сцяг, а пасля выступіў «Вольны хор». З рэпетыцыі сілавікі забралі артыста камернага хору Дзяржфілармоніі Дзяніса Іванова. Раней музыка ўжо адседзеў 15 содняў.

А проста ў залі суда была затрыманая блогерка Вольга Такарчук за пікет. Так следства акрэсліла запуск балонікаў з гаўбца.

На судзе блогерцы далі штраф 870 рублёў за ўдзел у пратэсце 29 лістапада.

«Буду сядзець і чакаць, пакуль вы там вызваліце мяне, усіх зняволеных, усіх палітзняволеных – уся надзея на вас. Я ў вас веру. Я ведаю, што вы не здасцеся, што вы не спыніце барацьбы, што вы будзеце біцца, ваяваць, адстойваць свае інтарэсы, нашую волю да апошняга», – відэа з гэтымі словамі Вольга запісала на выпадак затрымання. У блогеркі двое дзяцей: трох і шасці гадоў.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»