Пандэмія пандэміяй, а ЦТ паводле звыклага раскладу


Ці Міністэрства адукацыі ды Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў усё ж звернуць увагу на праблему каронавіруса і замест запоўненых абітурыентамі аўдыторыяў запрапануюць нешта больш адпаведнае сітуацыі?

Пра неабходнасць зменаў кажа і вядомы педагог Лявон Баршчэўскі. На ягоную думку, сёлета варта замест ЦТ правесці вусныя іспыты, якія прасцей арганізаваць з выкананнем эпідэміялагічных засцярог.

«Калі веды есць, то перастроіцца на форму – гэта не складана. Калі браць, што каронавірус не закончыцца, прыманне ў такіх умовах вучняў, па адным, праз розныя ўваходы можна заходзіць, можна мабілізаваць школьных настаўнікаў на прыём іспытаў», – кажа Лявон Баршчэўскі.

Аднак пакуль інфармацыі аб магчымых зменах няма, абітурыенты рыхтуюцца здаваць цэнтралізаванае тэставанне. Абітурыентка Хелена Мерааі ўжо месяц не ходзіць у школу і рыхтуецца да тэстаў дыстанцыйна.

«Да ЦТ па рускай мове мяне рыхтуе настаўніца ў школе, у нас стварылі пры школе спецыяльныя курсы, і мы займаемся. У нас хутка настаўнікі спрацавалі ў тым плане, што па многіх прадметах ужо з канца канікул пачалі ўводзіць дыстанцыйнае навучанне», – расказвае Хелена.

Дзяўчына, што не першы месяц рыхтуецца атрымаць як мага вышэйшыя балы на тэставанні, ад прапановаў змяніць фармат – не ў захапленні:

«Гэта будзе жудасна! Таму што ўсе рыхтуюцца да правядзення ЦТ. Ужо на працягу года».

Ейная аднакласніца, Лізавета Працько – таксама рыхтуецца да самага важнага іспыту ў сваім жыцці, цэлы год. І дзяўчына да неспадзяваных зменаў гатовая.

«Улічваючы, колькі людзей здае, улічваючы, што мы знаходзімся ў сталіцы, і сюды будуць прыязджаць яшчэ і замежныя грамадзяне, улічваючы, колькі людзей будзе ў аўдыторыі… Я думала, каб праходзіла як ЕДЭ, г. зн. мы замацаваныя за нейкай школай», – кажа Лізавета.

Дзяўчына намагалася прайсці трэці этап рэпетыцыйнага тэставання бліжэй да дому, каб не ездзіць у грамадскім транспарце і абмежаваць кантакты, але не атрымалася.

«Месцаў бліжэй няма да мяне, да майго дому. А ўсё, што далей, небяспечна для майго здароўя».

Але цяпер, паводле педагога-метадыста Аляксандра Сядзякі, трэба думаць не толькі пра эпідаміялагічныя засцярогі, але і пра тое, як выканаць праграму чацвертай чвэрці, заданні з якой утрымліваюцца ў тэстах.

«Многія тэмы проста выкінутыя вот гэтым новым каляндарна-тэматычным планаваннем, некаторыя тэмы ўшчыльнены ў адзін урок, і гэты ўрок праводзіць настаўнік для 2 вучняў замест 30. Як зрабіць гэта дыстанцыйна? То бок большая частка нашых выпускнікоў проста не выканае праграмы навучання», – дзеліцца Аляксандр.

І калі вырашыць праблему з незасвоенай праграмай не атрымаецца, то, на думку Аляксандра Сядзякі, трэба будзе змяняць тэсты і выключаць тэмы, якія школьнікі не прайшлі падчас школьнага года. Планаў скарэктаваць змест, а не фармат тэстаў – таксама няма.

Алена Дубовік, «Белсат»