Пандэміі XXI стагоддзя


Каронавірус – далёка не першая інфекцыя ў гісторыі чалавецтва, якая атрымала шырокі распаўсюд. І нават у 21 стагоддзі, пасля 40-гадовага перапынку, ужо абвяшчалася пандэмія.

11 чэрвеня 2009 года Сусветная арганізацыя здароўя афіцыйна абвесціла пандэмію ў сувязі з распаўсюдам свінога грыпу H1N1. Праз год, у жніўні 2010, пандэмію прызналі завершанай. Паводле Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, яна ахапіла 214 краінаў і амаль траціну насельніцтва Зямлі. Лабараторна пацвердзілі, што H1N1 стаў прычынай амаль 18 з паловай тысяч смерцяў, але эксперты, у тым ліку СААЗ, лічаць, што ў пандэміі ў пятнаццаць разоў больш ахвяраў – 284 з паловай тысячы чалавек. Для параўнання – ад грыпу штогод памірае да шасцісот пяцідзесяці тысячаў чалавек.

Пасля пандэміі свінога грыпу Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы звінаваціла СААЗ у неабгрунтаванай паніцы, у выніку якой адбылося разбазарванне сродкаў з дзяржбюджэтаў – на барацьбу з эпідэміяй выдаткавалі каля 18 мільярдаў долараў, мільёнам людзей зрабілі прышчэпкі вакцынай, якую недастаткова даследавалі.

Пасля свінога грыпу Сусветная арганізацыя здароўя яшчэ пяць разоў абвяшчала надзвычайную сітуацыю міжнароднага значэння: праз вірус Эбола і поліяміэліт, двойчы праз вірус Зіка. Апошнім быў каронавірус – сёлета 30 студзеня.

Эксперты СААЗ адзначаюць, што выбухі вірусных інфекцыяў здараюцца ўсё часцей, прычынай гэтаму і павелічэнне колькасці людзей у свеце, і большая мабільнасць, і адсутнасць глабальнай сістэмы аховы здароўя. Але хоць эпідэміяў і больш, але агульная смяротнасць ад іх зніжаецца. А да кожнай наступнай чалавецтва прыходзіць лепш падрыхтаваным.

«Цягам апошніх чатырох гадоў мы вывучалі эпідэмію Зіка, і распрацавалі адмысловую тэхналогію для стварэння карты ДНК вірусаў. Гэта дазваляе хутчэй і з меншымі выдаткамі стварыць вакцыну», – распавядае навукоўка з Бразіліі Эстэр Сабіну.

Зʼяўляюцца больш эфектыўныя сродкі дыягностыкі і лячэння, паляпшаюцца механізмы прафілактыкі, а шпіталь на тысячу хворых можна пабудаваць цягам тыдня, як гэта зрабілі ў кітайскім Ўу-Хані.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»