Аб'ектыў 15.02.2019 Памёр без грамадзянства


Пайшоў з жыцця Юрый Амельчук – 21-гадовы нарадзінец Украіны, які жыў на Беларусі і пакутаваў на рак. Хлапец гэтак і не дачакаўся атрыманне беларускага грамадзянства, неабходнага дзеля бясплатнага лекавання цяжкай хваробы.

«Выпуск-2014», памятны фотаальбом і, здаецца, усё жыццё наперадзе. Юры планаваў надалей займацца байдарачным спортам, вучыўся на аўтаслесара, а працаваў у калхозе.

«Бо бацька не можа працаваць. Ён інвалід. Але інваліднасці да гэтай пары афіцыйна няма, бо па яе трэба ехаць на Украіну», – тлумачыць жыхар Почапава Фёдар Жабчык.

Бацька з неафіцыйнаю інваліднасцю, а сын – без афіцыйнага грамадзянства. Жыхар Беларусі, але замежнік, захварэў на рак. Лячэнне – платнае. Сяброўка Юрыя Аліна Андрукевіч распавядае:

«Трэба было яшчэ ў жніўні брацца за збіранне грошай, тады сям’я палічыла, што гэта сума непасільная для збору і палічыла, што дзяржава ўсё ж выдасць грамадзянства. Усё ж такі Юра з 5 гадоў жыве ў Беларусі».

Здыягназаваная ў сярэдзіне мінулага года кіста імкліва разрасталася. Што гэта рак, хлопцу нават не казалі. З другой стадыі ў чацвёртую хвароба перайшла напрацягу некалькіх месяцаў. Вестка пра скон – шакавала вясковых. Таццяна Карэўка, жыхарка Почапава:

«Усе кажуць, калі б своечасова грамадзянства атрымаў і лекавалі своечасова дактары, то Юра б жыў безумоўна».

На хвалі розгаласу ў медыях лёсам Юрыя Амельчука перанялася Адміністрацыя прэзідэнта. Адказу ў справе грамадзянства маладзён дачакацца не паспеў.

Юлія Цяльпук, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары