«Памятаеце ўлюбёнага дзядулю Сталіна?». Як выглядае выбарчая кампанія ў Менску


Менск, раён Камароўскага рынку, адзін з першых дзён выбарчай агітацыі. На месцы, дзе звычайна кішэла ад выбарчых пікетаў, сёння амаль пустэча. І толькі некалькі актывістаў БРСМ спрабавалі наладзіць працу агітатараў. Атмасфера нечым нагадвала навагоднія святы.

Актывісты БРСМ заклікаюць:

«Падыходзь кожны ахвотны, напішы свае пажаданні».

«Мой наказ дэпутату. Вы можаце падысці, напісаць з адваротнага боку наказ дэпутату, які будзе абраны, і апусціць яго ў урну».

І менавіта слова «дэпутат» нагадала мінакам, што ў казкі ў Беларусі не вераць даўно. Што відаць са словаў людзей, якія праходзілі побач са стэндамі праўладнага саюзу моладзі. Выказванні сведчаць пра агульную выбарчую апатыю.

Жыхары Менску кажуць пра выбары:

«А каго выбіраць, за каго галасаваць? Усё адно без нас усё вырашыцца».

«Памятаеце ўлюбёнага дзядулю Сталіна? Галоўнае не як галасуюць, а як лічаць. І я ў гэта веру».

«Апазіцыя ўсё што такі мае нешта рабіць, а не толькі крытыкаваць».

І ўсё ж журналісты «Белсату» не абмежаваліся Камароўскім рынкам. Пры немалым намаганні ўдалося адшукаць выбарчы пікет і апазіцыі. Актывісты Беларускай хрысціянскай дэмакратыі запэўнілі…

«Вядзём працу сярод суайчыннікаў на прадмет дэманстрацыі сваё пазіцыі, сваёй палітычнай пазіцыі», – кажа кандыдат у дэпутаты, сябра БХД Пётр Папраўка.

Але данесці сваю пазіцыю да суайчыннікаў аказалася няпроста. У гэтым актывісты БХД пераканаліся не толькі падчас выбарчага пікету. Гэтак, Дзяніс Садоўскі наведаў Фрунзенскую раённую выбарчую камісію. Справа банальная: ён хацеў перадаць на флэшцы здымак зарэгістраванага кандыдатам аднапартыйца. Але як высветлілася, чальцы камісіі ня ўмелі абслугоўваць камп’ютара. Спатрэбілася нават дапамога так бы мовіць экспертаў.

«Яны патлумачылі бабулям з начосам з Фрунзенскай камісіі, як трэба ўставіць флэшку, перакінуць на кампутар, потым на сваю флэшку, каб аднесці ў Менскую гарадскую камісію. У іх гэта атрымалася за паўтары гадзіны», – кажа Дзяніс Садоўскі.

Зрэшты, і выбарчы пікет для кандыдата ад БХД не скончыўся паспяхова. Па выкліку невядомага грамадзяніна на месца акцыі прыбыла міліцыя. Пікет сарвалі, а Пятра Папраўку адвезлі ў апорны пункт для разбіральніцтва.

Больш паспяховым быў дзень для былой кандыдаткі на прэзідэнта і актуальнай у мясцовыя саветы Таццяны Караткевіч.

Яна пастанавіла не стаяць на пікеце, а пайсці ў народ, як кажуць, ад дзвярэй да дзвярэй. На сваёй акрузе Караткевіч пачуваецца ўпэўнена.

«Тут мяне памятаюць, бо я дапамагала людзям адстаяць зялёную зону. Гэта раз, другое, тут людзі падпісваліся, таму я буду ім дзякаваць, за тое, што яны падпісаліся», – распавядае Таццяна Караткевіч.

А гэтак выглядала ўжо ўласна выбарчая сустрэча. Візіт кандыдаткі нават выклікаў эмоцыі.

Жыхары Менску пра Таццяну Караткевіч кажуць:

«Такой сімпатычнай дзяўчыны я яшчэ не бачыў. Я ўсёй душой».

«Яе варта падтрымаць, бо яна дапамагае нашаму раёну, вось, ля вуліцы Заслаўскай – ужо 6 ці 8 гадоў!».

Не выключаюць, што такая сітуацыя не належыць да шматлікіх. Агулам, як адзначаюць эксперты, выбарчая кампанія ў мясцовыя саветы ідзе надзвычай млява, як у апазіцыі, гэта і выбарнікаў. Шмат пытанняў застаецца і па рэгістрацыі кандыдатаў. Як вядома прайшлі далёка не ўсе. Абʼяднаная грамадзянская партыя ўжо заявіла, што будзе абскарджваць прынамсі 5 пастановаў выбарчых камісіяў.

 

Вітаўт Сіўчык, «Белсат». Фота – Фэйсбук