Паміж Дзедам Марозам і Санта-Клаусам украінцы абіраюць абодвух


Украінскае грамадства задумваецца, з кім лепш святкаваць Каляды і Новы год. Каго абяруць нашыя суседзі – савецкага чырванашчокага дзядулю або хрысціянскага святога, які дарыў падарункі да эпохі камунізму? У гэтым няпростым пытанні разбіраўся Аляксандр Папко.

Дзед Мароз або святы Мікалай – хто бліжэйшы ўкраінцам? Культуролагі сцвярджаюць, што Мароз са Снягуркаю – персанажы маладыя, прыдуманыя ў СССР у канцы 1930-х гадоў.

«Сталінскі Дзед Мароз – яго таксама ўзялі з 19-га стагоддзя. Гэта літаратурны персанаж, які проста прыйшоў на ялінку, а затым зацвердзіўся ў вобразе ёлачнага персанажа з мехам падарункаў», – кажа культуролаг Юлія Нікішэнка.

Мікалай жа, больш вядомы як Санта-Клаус, – хрысціянскі святы, які нарадзіўся ў трэцім стагоддзі ў паўднёвай Турцыі. Гэта заступнік падарожнікаў, вязняў і сіротаў. Традыцыя дарыць калядныя падарункі паходзіць ад аднаго з добрых учынкаў Мікалая. Ён ахвяраваў грошы на пасаг тром бедным дзеўчынам.

«Ён першапачаткова быў павучальным персанажам. Ён дарыў падарункі толькі добрым дзецям. А дрэнным дзецям ён або вугельчык дарыў, або розгу прыносіў, каб паказаць: «Без падарунка застанешся!», – працягвае Юлія Нікішэнка.

Ва Украіне, у Славеніі, Харватыі, як раней ва ўсёй Заходняй Еўропе, падарункі Мікалай прыносіць не на Каляды. Ягоны дзень – 6-га снежня, а ва ўкраінскіх праваслаўных і грэка-каталікоў – 19-га снежня. Як паказваюць апытанні, на Мікалая дораць падарункі дзецям нават на Усходзе Украіны.

Але забараняць ягонага канкурэнта ніхто не збіраецца.

«Рабіць з Дзедам Марозам мы нічога не будзем. Мы пачакаем, пакуль ён памрэ сваёй смерцю», – заяўляе Ірына Падаляк з Камітэту па культуры ў Вярхоўнай Радзе.

Ва Украіне, як відаць, ёсць попыт і на нехрысціянскага святочнага героя. Вось што сказалі нам мінакі на кіеўскіх вуліцах:

«Усё роўна, хто дорыць. Галоўнае, каб дзеці былі шчаслівыя».

«На маю думку, святы Мікалай мае больш гістарычнай спадчыны і з’яўляецца тым, хто мае права дарыць дзецям падарункі».

«Дзецям павінен дарыць падарункі святы Мікалай, бо ён – абаронца большасці людзей».

«Я б сказаў так: Мароз!»

«Гэта розныя традыцыі. Дзед Мароз – асобна, святы Мікалай – асобна, а ад бацькоў чакаюць асобна. Ад усіх траіх чакаюць падарункі».

Украіна – гэта далёка не адзіная дзяржава, дзе падарункі дзецям дораць героі з розных культурных традыцыяў. Напрыклад, у Італіі са святым Мікалаем ва ўменні дарыць падарункі спаборнічае вядзьмарка Бэфана. У пратэстанцкіх рэгіёнах Нямеччыны падарункі ўручае не толькі святы Нікаляўс, але і немаўля Ісус ды фея Крысткіндэль. А ў Скандынавіі апроч Санты па дамах ходзіць калядны казёл Юлебук.

Дзед Мароз ва Украіне, як бачна, знікне не адразу. Падарункі хочуць атрымліваць дзеці мусульманаў і агностыкаў, ды і хрысціянскім дзеткам лішні падарунак не перашкодзіць.

Аляксандр Папко, фота – Васіль Фядосенка/Reuters/Forum