Аб'ектыў 12.10.2018 Памер запазычанасці Беларусі можа пагражаць краіне дэфолтам


Еўразійскі банк развіцця пералічыў Беларусі чарговы транш крэдыту – 200 мільёнаў долараў. Агулам жа сума крэдыту складае два мільярды долараў. Гэтыя грошы, паводле ўладаў, надзвычай важныя для дзяржавы. Колькі ўжо Беларусь набрала пазыкаў і, самае галоўнае, чым збіраецца іх аддаваць?

Беларусь атрымала мільярд восемсот мільёнаў долараў крэдыту ад Еўразійскага банку развіцця – застаўся яшчэ адзін транш на 200 мільёнаў. Пачаткова, тры гады таму, Лукашэнка прасіў тры мільярды.

Але Беларусь не выканала 5 з 25 паказнікаў для атрымання шостага траншу крэдыту, тры з якіх – кантрольныя. Гэтак, адсутнічаюць пастановы ўраду, накіраваныя на падтрыманне малога і сярэдняга бізнесу, не створаны інстытут упаўнаважанага ў абароне правоў прадпрымальнікаў, а пра аптымізацыю дзяржаўных прадпрыемстваў і казаць няма чаго.

Мікалай Маслоўскі, прадпрымальнік, блогер:

«Гэта такі жэст добрай волі. Бо МВФ уцёк, сказаў, што досыць эксперыментаваць. А гэтыя даюць. Думаю, палітычная падаплёка тут ёсць: маўляў, мы з Беларуссю неяк хочам сябраваць, і мы чарговы раз спадзяемся, што пачнуцца нейкія рэформы. Бо калі глядзець эканоміку, то ўсё вельмі жорстка, усё вельмі дрэнна».

Згодна са статыстыкаю, вонкавы дзяржаўны доўг Беларусі з 1996 года вырас больш, чым у 17 разоў. Атрымліваецца, кожны год Беларусь улазіла ў пазыкі прыблізна на 700 мільёнаў долараў. Што ж на гэта жыхары краіны?

«Я нават не ведаю, хто вінаваты ў гэтым. Напэўна, кіраўніцтва – бяруць крэдыты, якіх не могуць аддаць».

«Вельмі шмат грошай трацяць на ўсякую лухту – на ўсякія палацы і гэтак далей».

«Невядома, куды гэтыя грошы бяруцца, як яны размяркоўваюцца. Куды яны знікаюць, я не магу сказаць вам».

«Красці меней трэба чыноўнікам!»

Сёлета афіцыйны Менск адмовіўся ад крэдытавых праграмаў Міжнароднага валютнага фонду, заявіўшы пра немагчымасць выканання патрабаванняў арганізацыі, якія ўключалі ў сябе шэраг рэформаў, скіраваных на лібералізацыю эканомікі. Дык як будзем вяртаць пазыкі?

Мікалай Маслоўскі, прадпрымальнік, блогер:

«Прыватнікаў будуць прасаваць, нейкія падаткі прыдумваць. Ну і, напэўна, кожны жыхар Беларусі на сабе неяк адчуе, што краіна набрала вельмі шмат крэдытаў, і ўзровень гэтых крэдытаў перакрочыў бяспечны бар‘ер, пасля якога краіна ўжо браць крэдыты не можа».

Паводле адмыслоўцаў, як раз непразрыстасць дзяржаўнай сістэмы, жорсткае рэгуляванне эканомікі ды сумнеўнае выкарыстанне грашовых сродкаў – негатыўныя фактары ў крэдытавым рэйтынгу краіны, што можа не дазволіць рэфінансаваць ужо існыя пазыкі ў будучыні. А гэта пагражае дэфолтам.

Па словах экспертаў, у 2019 годзе Беларусі трэба сплаціць 3,5 мільярды долараў па дзяржаўнай запазычанасці, у 2020 – на 200 мільёнаў больш.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары