Паляванне на актывістак


Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», у Беларусі не спыняюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадскіх актывістаў і звычайных грамадзянаў. Асаблівасць дня сённяшняга – дзеянні супраць жанчын-актывістак.

Не затрымалі падчас акцыі – забяруць з дому. Ператрус адбыўся ў кватэры журналісткі Валерыі Уласік, дзе яна жыве разам з маці, рэдактаркаю парталу TUT.BY Галінай Уласік. На гадзіну раней Валерыю, якая працуе ў рэкламным агенцтве, забралі ў Маскоўскі РУУС Менску.

«Чаму прыйшлі да яе, я не ведаю. Калі зайшлі, пры ператрусе спыталі пра наркотыкі, зброю і ўсё, што можа быць датычнае да арганізацыі масавых беспарадкаў», – кажа Галіна Уласік.

У дачыненні Валерыі распачатыя дзве справы: адміністратыўная за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях і крымінальная за масавыя закалоты. Паколькі парталу TUT.BY Міністэрства інфармацыі ўчора выставіла другое папярэджанне, калегі-журналісты занепакоіліся, што ператрус мог быць звязаны з прафесійнаю дзейнасцю Галіны Уласік.

«Са здзіўленнем даведаліся, што гэта да Валерыі Уласік, якая цяпер актыўна не супрацоўнічае з беларускімі незалежнымі медыямі, працуе ў IT-кампаніі PR-менеджарам. Напэўна, звязана з актыўнаю грамадзянскаю пазіцыяй, можа быць, хочуць Галю застрашыць», – мяркуе прадстаўніца «Белсату» у Беларусі Ірына Слаўнікава.

Пакараць у сённяшніх умовах можна любога незалежнага журналіста, адзначае намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі:

«Вялізную колькасць замежных журналістаў у Беларусі не акрэдытавалі, таму ясна, што большасць замежных медыяў імкнуцца браць інфармацыю ў беларускіх калег, тэлефануюць, просяць выходзіць у эфір, распавесці з месца падзеяў. І цяпер усе беларускія калегі знаходзяцца пад ударам».

Такі выхад у эфір улады могуць расцаніць як працу без акрэдытацыі, падкрэслівае Барыс Гарэцкі. Але галоўная небяспека для журналістаў – пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях, у той час як журналісты ў акцыях не бяруць удзелу, а іх асвятляюць.

Ператрусы сёння праходзяць не толькі ў журналістак, але і ў актывістак. З аглядам жытла праз удзел у несанкцыянаванай акцыі прыходзілі сілавікі да Сафіі Садоўскай, дачкі Ірыны Сухій. Спрабавалі трапіць у кватэры дырэктаркі «Экадому» Марыны Дубінай і чальца рады арганізацыі Ксеніі Малюковай, учора затрымалі кіраўніцу выканаўчага бюро Асамблеі НДА Станіславу Гусакову і мастачку Надзю Саяпіну.

«Магчыма, гэта будзе толькі адміністрацыйны пераслед, але ўсё адно мэта – застрашыць, магчыма, ізаляваць іх на нейкі час і прызначыць ім содні, гэта вельмі падобна на нейкую акцыю ў дачыненні менавіта актывістак, жаночага руху», – адзначае Валдзіс Фугаш з праваабарончай арганізацыі «Human Constanta».

Суд па адміністратыўнай справе над Валерыяй Уласік, які меў адбыцца ў Маскоўскім раёне сталіцы, перанеслі на заўтра.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»