Палякі стаялі ў чэргах, каб прагаласаваць на парламенцкіх выбарах


Мужчына галасуе на выбарчым участку ў Варшаве разам са сваймі дзецьмі. 13 кастрычніка 2019 года ў Польшчы прайшлі парламенцкія выбары. Фота – Kacper Pempel / Reuters / Forum

Сёння ў Польшчы абіраюць парламент. Паводле стану на 17:00, яўка склала 45 %.

Асноўныя канкурэнты – дзейная кіроўная партыя «Закон і справядлівасць», Грамадзянская кааліцыя ды Аб’яднаныя левыя сілы.

«Доўгія гады яўка была вельмі нізкая або на сярэднім узроўні. Я спадзяюся, што мы зменім гэта, што гэтыя выбары зробяцца крокам у гэтым кірунку гэтак сама, як і нядаўнія выбары ў Еўрапейскі парламент», – заявіў старшыня партыі «Закон і справядлівасць» Ярослаў Качыньскі.

Паводле даследавання сацыёлагаў IBRiS, якое праводзілі 11 кастрычніка, бальшыня палякаў – 40–42 % – падтрымлівае партыю Ярослава Качыньскага. У мінулыя выбары «Закон і справядлівасць» атрымала амаль 37,5 % галасоў. Сёлетняе апытанне прагназуе чарговую перамогу.

«Самае важнае для палякаў – пайсці на выбары ды паказаць, якой Польшчы хочуць. Тады далей мы будзем працаваць, бо палякі пастанаўляюць, якою мае быць Польшча. Палітыкі могуць толькі пераконваць, заахвочваць, але кожны паляк прымае сваё асабістае рашэнне», – заявіла кандыдатка ад Грамадзянскай кааліцыі Малгажата Кідава-Блоньска.

Удзельнікі галасавання ў Варшаве распавялі «Белсату», чаго чакаюць ад вынікаў выбараў.

«Чаго я чакаю? Напэўна, каб гэтыя выбары паказалі, як шмат палякаў лучыць, а не раздзяляе».

«Дэмакратыі, мудрага выбару палякаў, якія ёсць вельмі мудрым народам, але шмат хто памыліўся».

«Няма параўнання з папярэднімі гадамі, увогуле цягам 30 гадоў. Цяпер найлепшы час Польшчы».

Па выніках выбараў мандаты маюць атрымаюць 460 дэпутатаў і 100 сенатараў. Першыя вынікі экзітполаў агучаць неўзабаве пасля закрыцця выбарчых участкаў, а 21:00 гадзіне мясцовага часу.

Рэпартаж Юліі Лабанавай глядзіце ў поўным выданні навінаў за 13 кастрычніка