Аб'ектыў 19.09.2018 Палякі хочуць, каб іх абаранялі ЗША


«Форт Трамп» – гэтак можа называцца амерыканская вайсковая база ў Польшчы. Размясціць на сталай аснове амерыканскіх вайскоўцаў прапанаваў Вашынгтону прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. Калі амерыканскія танкі прапішуцца ў Польшчы, і як да гэтага ставяцца звычайныя палякі?

«300 танкаў і 15 тысяч жаўнераў – столькі налічвае амерыканская бранятанкавая дывізія. Перамовы пра размяшчэнне такога падраздзялення Польшча вядзе са Злучанымі Штатамі ўжо год».

І вось учора на сустрэчы прэзідэнтаў Польшчы і ЗША прапанову агучылі публічна. Анджэй Дуда, прэзідэнт Польшчы:

«Я ўсміхнуўся і прапанаваў спадару прэзідэнту разам стварыць у Польшчы амерыканскую сталую базу. Мы можам назваць яе «Форт Трамп». Я глыбока перакананы, што гэта магчыма».

Назва базы жартаўлівая, але прапанова сур’ёзная. Дакумент з апісаннем інфраструктуры і разлікам магчымых выдаткаў трапіў у польскія медыі сёлета ў траўні. На стварэнне амерыканскай базы ля гарадоў Торунь і Быдгашч Польшча гатовая вылучыць два мільярды долараў.

Доналд Трамп, прэзідэнт ЗША:

«Польшча гатовая зрабіць вельмі вялікі ўнёсак у тое, каб Злучаныя Штаты прыйшлі і стварылі пастаянную вайсковую базу. Гэта тэма, якую мы збіраемся вельмі сур’ёзна абмеркаваць».

Пабудова сталай амерыканскай базы зменіць не толькі вайсковую, але і палітычную сітуацыю ў рэгіёне, мяркуюць эксперты. Войцех Лёрэнц, Польскі інстытут міжнародных справаў:

«Сталая прысутнасць амерыканскіх падраздзяленняў у Польшчы ясна паказала б, што наш рэгіён – гэта не буферная зона, на якую Расея можа аказваць ціск, каб дасягнуць сваіх мэтаў у еўрапейскай або глабальнай палітыцы».

Сёння ў Польшчы прысутнічаюць 2800 жаўнераў з ЗША, Вялікай Брытаніі, Харватыі ды Румыніі. Размясціць міжнародныя сілы ў рэгіёне Паўночнаатлантычны альянс пастанавіў у ліпені 2016 года – у адказ на агрэсію Расеі супраць Украіны. Ратацыйныя сілы з розных дзяржаваў праводзяць вучэнні і вяртаюцца дадому. Аднак Польшча лічыць гарантыі NATO недастатковымі. Станіслаў Козей, генерал у адстаўцы:

«Прэзідэнт ЗША прымае рашэнне, і, калі адбываецца агрэсія, амерыканская армія ўжо можа дзеяць. У NATO працэс прыняцця рашэнняў даўжэйшы. Трэба прыйсці да кансэнсусу і атрымаць згоду ўсіх удзельнікаў. Практыка паказвае, што NATO і Еўрапейскі Звяз дзеюць павольна».

Ініцыятыву польскага кіраўніцтва размясціць у сябе сталую амерыканскую базу падтрымліваюць і звычайныя палякі. Жыхары Варшавы:

«Я быў бы вельмі задаволены, калі б гэта адбылося. Мы сталі б значна больш абароненай краінай, а пакуль мы слабейшыя за заходнія краіны».

«Усе ведаюць, хто атруціў [Скрыпалёў] – Расея. Але Расея адмаўляецца. Такія рэчы могуць стаць нагодаю для вайны. А калі будзе вайна – то трэба быць моцнымі».

«Расея хутка ўзбройваецца, а ў Польшчы мы не маем дастаткова сілаў. Таму я пачуваўся б больш бяспечна, калі б ЗША стала мелі тут сваіх жаўнераў».

Прэзідэнт Доналд Трамп, якога неаднаразова абвінавачвалі ў сімпатыях да Пуціна, на сустрэчы з Анджэем Дудам, аднак, заявіў, што трывогі палякаў разумее і падзяляе. Доналд Трамп, прэзідэнт ЗША:

«Расея паводзіцца агрэсіўна. Яна паважае толькі сілу. А мы самыя моцныя ў свеце – асабліва сёння».

Што праўда, эксперты заяўляюць: шлях да пабудовы «Форту Трамп» у Польшчы вельмі няблізкі. Цяпер Пэнтагон толькі разлічвае мэтазгоднасць размяшчэння базы, а рашэнне пасля доўгіх дэбатаў прыме Кангрэс.

Аляксандр Папко, belsat.eu

Фота: REUTERS / Brian Snyder / FORUM

Глядзі таксама
Каментары