Паліва патаннела ўпершыню за 8 гадоў. Ці надоўга?


На адну-дзве капейкі – на столькі знізіў канцэрн «Белнафтахім» цэны на паліва. Цяпер 95-ы бензін каштуе рубель пяцьдзясят дзве капейкі за літр, а дызельнае паліва – рубель пяцьдзясят дзве. Ці цешацца з гэтага кіроўцы і ці чакаць далейшага зніжэння цэнаў? Высвятляў Аляксандр Папко.

Пакуль паліва патаннела толькі на станцыях «Беларуснафты». На іншых – цэннікі старыя. Толькі за мінулы год бензін даражэў 26 разоў. Цяперашняе зніжэнне – першае ажно за 8 гадоў. Праўда, папярэдняе падзенне цэнаў натуральным не назавеш – у чэрвені 2011 года ўлады адкруцілі кошты назад у выніку пратэстаў «Стоп бензін», якія паралізавалі цэнтр Менску. «Белнафтахім» тлумачыць першае добраахвотнае зніжэнне цэнаў падзеннем сусветных коштаў нафты. Аднак нафта таннела і раней.

«Яны знізілі дзеля таго, каб проста паказаць: «У нас усё добра, з Расеяй дамовімся, не хвалюйцеся!» Пра нафтавы манеўр нічога не ясна. Карацей, усё, маўляў, будзе добра, таму яны на гэтыя пару капеек і знізілі. Гэта чыста палітычны эмацыйны манеўр», – гаворыць Мікалай Маслоўскі, эканаміст.

Выдаткі на бензін і дызель адбіваюцца на коштах лагістыкі, грамадскага транспарту, сельскагаспадарчай вытворчасці ды ўрэшце – на цэнах ежы на нашым стале. Першае за восем гадоў падзенне цэнаў паліва ў менскіх кіроўцаў аднак аптымізму не выклікала:

«Гэта здзек нейкі, а не зніжэнне. Гэта плявок у твар!»

«Калі ў нас што таннела? У нас усё будзе толькі даражэць»

«Ну вы ж самі разумееце, што ў нас дзяржава спачатку скажа «так», а затым…»

«Усё неўзабаве будзе «выпраўлена» у бок падаражэння»

Кошт літру бензіну АІ-95:

Масква – $ 0,60

Варшава – $ 1,19

Вільня – $ 1,23

Кіеў – $ 1,04

Менск – $ 0,69

І сапраўды, эпоха, калі бензін у Беларусі быў таннейшы, чым у суседніх краінах, праходзіць. Да 2024 года Расея падцягне цэны сваёй нафты да сусветнага ўзроўню. Урад палічыў, што толькі за гэты год тона расейскай нафты падаражэе на 20 долараў, або 5 адсоткаў. Аляксандр Заяц, эканамічны аглядальнік TUT.BY:

«Ва ўмовах падатковага манеўру цана нафты для Беларусі будзе расці да сусветнай. І таму для таго, каб кампенсаваць выдаткі на набыццё нафты, трэба будзе павышаць цэны паліва».

Нафтавы манеўр пагражае не толькі тым, што літр паліва будзе каштаваць столькі ж, колькі ў суседзяў, але і стратамі беларускі нафтаперапрацоўчых заводаў. Перапрацоўваць на іх расейскую сыравіну можа стаць нявыгадна.

«Аб’ёмы нейкія нафты атрымаюць, каб заводы не прастойвалі. А калі не атрымаюць, то будзе банкруцтва!» – кажа эканаміст Мікалай Маслоўскі.

Адзінае суцяшэнне – шок ад расейскага падатковага манеўру раскладзены на некалькі гадоў. Як доўга цэны паліва застануцца на сённяшнім узроўні, прагназаваць не бярэцца ніхто. Адмыслоўцы згодныя ў адным: цяперашняе зніжэнне цэнаў – толькі часовае перад новым скачком.

Аляксандр Папко, belsat.eu