Аб'ектыў 08.11.2018 Паліва падаражэе на 17%?


Цяперашняя цана на паліва – несправядлівая, заўважыў віцэ-прэм’ер. Таму яе абавязкова зменяць – узнімуць. Не менш як на 17 адсоткаў. Вось толькі, калі яе падымаць, як цяпер, па капейчыне, то пройдзе 12 год, перш чым справядлівасць пераможа. Або ўлады абяруць іншы спосаб?

Машынаў часта аж замнога. Як і меркаванняў – якая ж цана на паліва справядлівая? Кажуць жыхары Магілёва:

«У нас эканоміка рынкавая, а кошты сацыялістычныя – у плане заробкаў і ўсёй гэтай лухты».

«Нашаму прэм’ер-міністру трэба пажыць на нашыя заробкі, а пасля параўноўваць».

Віцэ-прэм’ер ураду Ігар Ляшэнка на «Горадня-Азоце» заявіў пра справядлівую цану за літр 92-га бензіну: 77 цэнтаў. Цяпер АІ-92 каштуе 66 цэнтаў. Штомесячнае падаражэнне паліва на адну капейку, што працягваецца з пачатку года, наблізіла нас да гэтай справядлівасці толькі на 1 цэнт. Як гэтыя 11 цэнтаў улады будуць дакідваць да цаны?

Але пакуль разбіраемся, што мае на ўвазе віцэ-прэмʼер пад «справядліваю цаною». «Вікіпедыя» кажа, што гэта эканамічная канцэпцыя, якая прадугледжвае толькі рынкава абгрунтаваны кошт. Але канцэрн «Белнафтахім» – дзяржаўны манапаліст, які вырабляе і сам жа, а не рынак, усталёўвае кошт на паліва.

«Цана ў нас, магчыма, не пасуе вытворцу і розніцы з пункту гледжання нормы прыбытковасці, якую б яны хацелі атрымліваць. Але паколькі яны вымушаныя пагаджацца з тымі коштамі, якія ўстанаўлівае дзяржава ў асобе «Белнафатхіму», то можна казаць пра рэгуляванне цэнаў», – каментуе эканаміст Леанід Фрыдкін.

Калі суаднесці сярэдні заробак у рэгіёне і кошт паліва, дык мы ўжо жывем пры рынку, у Еўразвязе ды з адпаведнымі заробкамі. Сярэдні беларус можа сабе дазволіць за месяц столькі ж паліва, як і жыхар капіталістычнай Польшчы. Адзінае што, там заробак удвая большы за наш.

«Ідзем у нагу з часам, імкнемся да цывілізаванага жыцця, як у Еўропе. Адносна еўрапейскіх цэнаў. Гэта можа і нармальна дзесьці», – кажуць жыхары Магілёва.

Дзеля справядлівасці, у «Белнафтахіме» заяўляюць, што пакуль падаражэнне застанецца ў межах штонядзельнай адной капейкі, а не цэнта.

Алесь Залеўскі, belsat.eu

Фота: REUTERS / Eric Gaillard / FORUM

Глядзі таксама
Каментары