Паліва будзе даражэць яшчэ доўга


Ізноў нядзеля, ізноў рост цэнаў на паліва. На чарговую капейку павысіў кошты на бензін і салярку дзяржаўны канцэрн «Белнафтахім». Калі і на якім пункце спыніцца гэты рост?

Ізноў на капейку даражэйшае. З сёння нашыя кіроўцы заплацяць за літр 92-га бензіну 1 рубель 58 капеек; за літр 98-га – 1 рубель 90 капеек, а за дызельнае паліва – 1 рубель 69 капеек. З пачатку года «Белнафтахім» павышае цэны ўжо пятнаццаты раз.

Сяргей Балыкін, эканаміст: «Цана будзе падымацца да тае пары, пакуль не зраўняецца з цэнамі ў суседніх дзяржавах. У Беларусі, за выключэннем Расеі, – самы танны бензін з усіх нашых суседзяў».

Кошт АІ-95

МАСКВА – $ 0,70

МЕНСК – $ 0,80

КІЕЎ – $ 1,04

ВАРШАВА – $ 1,37

ВІЛЬНЯ – $ 1,43

Сапраўды, таннейшы за наш – бензін толькі ў Расеі. Каб дасягнуць украінскага ўзроўню, цэны на паліва павінныя вырасці на чвэрць, польскага – больш як у паўтара разу.

Сяргей Балыкін, эканаміст: «Цана бензіну ў нас фармуецца дырэктыўным метадам, спускаецца зверху канцэрнам «Белнафтахім». Тэарэтычна яна адлюстроўвае выдаткі на вытворчасць бензіну, нейкую планавую рэнтабельнасць плюс падаткі з абароту».

Вось гэтая планавая рэнтабельнасць падае, бо Крэмль павышае цану сваёй нафты. Каб зрабіць паліва для сваіх грамадзянаў таннейшым, Масква знізіла падаткі для эНПэЗэ. Для Менску ж страта даходаў ад падаткаў – недазвольная раскоша. Таму застаецца па кроплі піць горкую мікстуру. Ці капеечныя павышэнні коштаў менш балючыя?

Жыхары Менску:

«Гэта незаўважальна, але заўважальна стане пазней».

«Ніхто не адчувае, але калі паглядзець з мінулага – сума вельмі адчуваецца».

«Каб бак запоўніць, амаль 50 рублёў трэба – палова твайго даходу за дзень».

«Калі мне будзе дорага ездзіць, буду ездзіць на ровары. Вось і ўсё!»

Паліва падаражэе на дзясяткі адсоткаў, прагназуе эканаміст. Адзіная радасць – па капейцы.

Аляксандр Папко, «Белсат»