Палітычныя ўцекачы сустрэліся з Латушкам


За апошні месяц прынамсі сотні грамадзянаў пакінулі Беларусь з прычыны палітычнага пераследу. З беларусамі, якія знайшлі часовы прытулак ля польскага гораду Бяла-Падляска сёння сустрэўся сябра прэзідыуму Каардынацыйнай рады Павел Латушка. Ён і сам быў вымушаны пакінуць радзіму пад пагрозай турэмнага тэрміну. Якой дапамогі чакаюць суайчыннікі?

Дваццаць беларусаў, якія былі вымушаныя пакінуць радзіму з палітычных прычынаў, сабраліся сёння каля цэнтру дапамогі ўцекачам у польскім горадзе Бяла-Падляска на сустрэчу з сябрам прэзідыуму Каардынацыйнай рады Паўлам Латушкам, каб расказаць яму пра свае праблемы і спадзяванні.

– Як вы трапілі ў Польшчу, ці з‘яўляецеся вы палітычным уцекачом?

«Так, я падаў заяву на разгляд гэтага пытання. Сюды я трапіў таму, што пайшла інфармацыя, што мяне збіраюцца пераследаваць паводле крымінальнага артыкулу аб «падбухторванні да масавых закалотаў», – кажа Ігар Валяеў з Наваполацку.

«Тут нямала сем‘яў з маленькімі дзецьмі. Адна справа я – я тут без свайго сына. Мой сын застаецца з маёй мамай. Я пабаялася яго везці сюды. Аднак тым людзям, у каго побач дзеці, тут даволі цяжка. Гэта не тыя ўмовы, якія патрэбныя для маладых сем’яў», – скардзіцца ўцякачка Анастасія.

Чалец прэзідыуму Каардынацыйнай рады Павел Латушка пракаментаваў, якім чынам ён збіраецца дапамагчы:

«Бліжэйшым часам я планую сустрэчу з вярхоўным камісарам ААН у справах уцекачоў, каб паінфармаваць яго пра сітуацыю, якая складваецца з беларускімі ўцекачамі на тэрыторыі Польшчы. А таксама неўзабаве адбудзецца сустрэча ў Міністэрстве замежных справаў Польшчы, дзе мы звернемся з просьбай дапамагчы людзям, якія цяпер у Польшчы. Іх турбуюць перш за ўсё пытанні, звязаныя з атрыманнем права на працу. Ім патрэбнае як найхутчэйшае вырашэнне ўсіх адміністрацыйных працэдураў, якія б дазволілі ім самастойна працаваць».

Праблемы, узнятыя беларускімі ўцекачамі ў Польшчы, Павел Латушка агучыць падчас сустрэчы з прэм’ерам Польшчы Матэушам Маравецкім. Паводле Паўла Латушкі, сустрэнуцца яны на наступным тыдні.

Грамадскія арганізацыі Літвы ацэньваюць колькасць палітычных уцекачоў на 300 асобаў. Паводле Паўла Латушкі, у Польшчу прыбылі ўжо каля пяцісот палітычных уцекачоў з Беларусі.

Аляксандр Папко, «Белсат»