Палітычныя рэпрэсіі працягваюцца


Колькасць рэпрэсаваных у Беларусі набліжаецца да 20 тысячаў. З пачатку выбарчае кампаніі ўлады распачалі звыш 900 крымінальных справаў. Сёння праваабаронцы прызналі яшчэ 19 чалавек палітзняволеннымі, агулам у спісе 121 асоба.

Следчы камітэт не будзе заводзіць крымінальную справу па заяве Юрыя Крывашэя з-за «адсутнасьці складу злачынства». Між тым былога ратавальніка з актыўнай грамадскай пазіцыяй збілі невядомыя ў масках, адвезлі ў пастарунак міліцыі, прымусілі падпісаць заяву аб звальненні з Міністэрства надзвычайных сітуацыяў ды склалі пратакол за непадпарадкаванне інспэктару ДАІ.

Паляванне на музыкаў. Днямі сілавікі пачалі мэтанакіравана затрымліваць людзей з музычнымі інструментамі.

«На чарзе цяпер музыкі, таму што музыкі ствараюць добрую атмасферу ў дварах. Людзі збіраюцца, ім весела, ім добра, а калі людзям добра, дыктатуры дрэнна», – кажа музыка гурта «Крама» Ігар Варашкевіч.

Напярэдадні ўвечары ў Менску затрымалі адразу 10 музыкаў. Сярод іх калектыў бубначоў «Патрабуем разысціся». Іх затрымалі пад час рэпетыцыі ў адной са студыяў.

«Я лічу, што ўлады шукаюць прычыны, каб утрымацца. На шчасце для нас, у іх гэта дрэнна атрымліваецца. Проста намагаюцца зачапіцца, ускочыць у апошні вагон цягніка, што адыходзіць», – лічыць маці затрыманага музыкі.

Сустрэць сваю жонку, харавую дырыжорку Таццяну Галузу, прыйшоў ейны муж. Таццяне прысудзілі 30 базавых за тое, што нібыта спявала «Магутны Божа» 27 кастрычніка ў Оперным тэатры. Сваёй віны дырыжорка не прызнала.

«Такімі дзеяннямі нашыя ўлады намагаюцца або здушыць пратэставыя настроі, або паказаць людзям, хто не маўчыць, каб яны маўчалі», – упэўнены муж Таццяны Галуза Віталь Галуза.

А ў Менску, Пружанах і Віцебску адбыліся суды над удзельнікамі мірных пратэстаў. Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру «Вясна», суды пакаралі пратэстоўцаў штрафамі ад 2 да 30 базавых велічынь ці арыштамі ад 5 да 15 содняў. Аляксандру Баярыну суддзя Кастрычніцкага суда Віцебску Уладзімір Царыкаў прызначыў 2 базавыя. Сваёй віны віцяблянін не прызнаў.

«Судзіць людзей, якія выходзяць на мірныя пратэсты, мяркую, несправядліва. Такі рэзананс у грамадстве праз адчуванне несправядлівасці», – адзначыў віцяблянін Аляксандр Баярын.

А суддзя Першамайскага раёну Віцебску Вераніка Барысава асудзіла актывіста Міколу Качурца на 15 содняў. Сведка – намеснік начальніка аддзелу аховы правапарадку Першамайскага РАУС Вадзім Склімянок – падкрэсліў, што Качурэц сёлета 4 разы прыцягваўся да адказнасці за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Сам актывіст позвы з міліцыі ігнаруе, а ў суды прынцыпова не ходзіць. «Я не лічу, што гэта суддзі. Гэта прызначаныя людзі Лукашэнкам, каб дзеля ягоных інтарэсаў трымаць гэты рэжым дыктатарскі», – сказаў віцебскі актывіст Мікола Качурэц.

Сёння ж Следчы камітэт абвінаваціў дзейнага і былога адміністратараў telegram-каналу «Нехта» Сцяпана Пуцілу і Рамана Пратасевіча адразу паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Іх абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў і распальванні сацыяльнай варожасці паводле прафесійнае прыналежнасці. Канал публікуе звесткі пра сілавікоў, якія бяруць удзел у здушванні мірных пратэстаў.

«Гэта прызнанне з боку дзяржавы таго, што я рабіў, – гэта мела нейкі сэнс, гэта паўплывала на тое, што робіцца ў Беларусі і тыя перамены, што ідуць поўным ходам», – сказаў экс-рэдактар телеграм-каналу «НЕХТА» Раман Пратасевіч.

Ігар Станкевіч, «Белсат»