Палітычны прарыў паміж Беларуссю і Польшчай. Што гэта значыць?


Гістарычны візіт. Гэтак некаторыя аглядальнікі назвалі паездку дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў у Польшчу – на запрашэнне сейму. Дагэтуль беларускія законатворцы запрашэнняў ад сваіх заходніх калег не атрымлівалі – праз сумнеў у законнасці іх абрання. Якіх жа вынікаў можна чакаць ад трохдзённай працы дэпутатаў у Варшаве?

Палітычны прарыў учынены

За апошні год Беларусь і Польшча абмяняліся прыблізна паўдзясяткам візітаў высокага ўзроўню. На гэтым тыдні дэпутаты Палаты прадстаўнікоў спрабавалі напоўніць палітычнае пацяпленне эканамічным сэнсам.

Што абмяркоўвалі?

На сустрэчах у польскім Сейме беларускія дэпутаты абмяркоўвалі імпарт у нашую краіну польскіх яблыкаў ды іншай сельскагаспадарчай прадукцыі, доступ на польскі рынак беларускіх тавараў, а таксама інвестыцыйныя праекты ў Беларусі. Зрэшты, адзначаюць адмыслоўцы, гандлёвыя сувязі паміж краінамі і так не на благім узроўні. Польшча стабільна ўваходзіла ў дзясятку найбуйнейшых гандлёвых партнёраў нашай краіны нават у часы вострых фазаў двухбаковых дыпламатычных дачыненняў.

«У Беларусі налічваецца каля 340 прадпрыемстваў з польскім капіталам. Гэта – пяты вынік пасля Расеі, Літвы, Латвіі і Кіпра, калі не памыляюся» – тлумачыць эксперт Леанід Фрыдкін.

Узаемны гандаль расце штомесяц на 1 %

За адзінаццаць месяцаў летась, на фоне палітычнага пацяплення, двухбаковы гандаль паміж нашымі краінамі вырас амаль на 10 %. З польскага боку павялічыліся, перадусім, пастаўкі харчоў, частку з якіх «Рассельгаснагляд» перыядычна знішчае ў Расеі. Беларусь жа ў чатыры разы павялічыла экспарт да заходняй суседкі нафтапрадуктаў, перанакіраваўшы іх з расейскага ды балтыйскага кірункаў.

У справе інвестыцыяў некаторыя спадзяюцца на прарыў

Польскі капітал ужо выконвае ў Беларусі шэраг праектаў. Напрыклад, у Гомлі кампанія «Дэлком 40» будуе завод для вытворчасці мэблі ды матрацаў для «Ікеі». У Віцебску «Модэрн-Экспа» інвестуе каля 20 мільёнаў долараў у выраб інтэр’еру для крамаў – палічкаў ды прылаўкаў. У Берасці польскі завод ужо вырабляе мэблю, у Гародні – будаўнічыя сумесі, у Лідзе – пластыкавую тару для кетчупу, у Менску – фарбы. Паводле інвестыцыяў, назапашаных за ўвесь час, Польшча толькі на 16-ым месцы. Але калі лічыць толькі мінулы год – на дзясятым. У «Гарачым каментары» на «Белсаце» аглядальнік польскага ўплывовага выдання «Rzeczpospolita» наступным чынам перадаваў актуальныя ўражанні аднаго з польскіх інвестараў аб Беларусі.

«Ён кажа, што Беларусь нічым не горшая, што да вядзення бізнесу, чымся Польшча. Што там вельмі ўсё даступна, што ўсё вырашаецца на адзін подпіс, даюць зямлю ў момант», – распавёў журналіст Руслан Шошын.

Іншыя аглядальнікі больш стрыманыя

Шэф-рэдактар «Экономической газеты» Леанід Фрыдкін адзначае, што найважнейшае для польскіх інвестараў – не ўваход на беларускі рынак. У гэтым улады ім спрыялі і раней. Галоўныя асцярогі ў іх выклікае абароненасць сваіх інвестыцыяў у далейшым. На фоне дзейнай хвалі рэпрэсіяў супраць бізнесоўцаў гэтыя асцярогі наўрад ці зменшыліся.

Станіслаў Івашкевіч, Менск, фота: Jakob Ratz / Zuma Press / Forum